Беларуская Служба

Кіраўнік Мінабароны Польшчы: Мы жывём у часы гібрыднай вайны XXI стагоддзя

12.07.2024 11:01
Польшча павінна выдаткоўваць не 3 і не 4 працэнты ВУП на абарону, а больш, пераконвае Уладзіслаў Касіняк-Камыш.
M     -
Mіністр нацыянальнай абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-КамышPAP/Radek Pietruszka

Мы жывём у часы гібрыднай вайны; маем справу з агрэсіяй супраць жаўнераў і функцыянераў на мяжы; у Еўропе адбываюцца акты дыверсіі, кажа міністр нацыянальнай абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш у інтэрвʼю выданню Super Express і абвяшчае аб павышэнні выдаткаў на армію.
Палітык пракаментараваў прынятую на саміце НАТА дэкларацыю, у якой Расія называецца найбольшай пагрозай для альянсу. Ён падкрэсліў, што задаволены тым, што «ўдалося зрабіць нават у апошнія гадзіны саміту».

«Гэта пытанне Расіі, але і Беларусі – ёсць асобны пункт, які мы прапанавалі. Калі гаворка ідзе таксама пра пытанне мяжы – я абяцаў, што буду патрабаваць інтэрнацыяналізацыі гэтай праблемы, і гэта было ўключана ў дэкларацыю. Прадугледжаны таксама хаўрусніцкі адказ (не толькі асобных краін) – на гібрыдную вайну, на іх (Расіі і Беларусі – рэд.) дзеянні на мяжы, у тым ліку, на дыверсіі, а нават тэрарыстычныя дзеянні, на якія мы таксама павінны быць падрыхтаваныя», – адзначыў палітык.

Сярод важных спраў ён таксама назваў уключэнне базы ў Рэдзікове ў сістэму НАТА, Цэнтр аналізу, падрыхтоўкі і навучання НАТА-Украіна ў Быдгашчы, а таксама іншыя рэгіянальныя планы. Уладзіслаў Касіняк-Камыш дадаў, што падчас саміту ў Вашынгтоне была заключана «кааліцыя беспілотнікаў» дзеля падтрымкі Украіны, а таксама тры пагадненні з краінамі Балтыі аб сумесных закупках ваенна-марскіх мін.

«Закупкі, супраца ў спадарожнікавай прасторы, абмен аператыўнай інфармацыяй, атрыманай са спадарожнікаў, кібербяспека, асабліва бяспека ў воблаку. Гэтыя тры – усяго чатыры – дакументы ўжо падпісаны. У нас, дэ-факта, двухбаковыя перамовы з усімі міністрамі замежных спраў і абароны», – сказаў палітык.

На пытанне, ці апраўданае патрабаванне прэзідэнта Анджэя Дуды выдаткоўваць на абарону 3 працэнты ВУП, міністр абароны адказаў, што «для Польшчы гэта абсалютна апраўдана». «Польшча павінна выдаткоўваць не 3 і не 4 працэнты ВУП, а нават больш», – сказаў міністр.

«Мы жывём у часы гібрыднай вайны, маем справу з агрэсіяй супраць жаўнераў і функцыянераў на мяжы, у Еўропе адбываюцца падпалы і дыверсіі (…) Калі ў віртуальнай прасторы адбываюцца пастаянна атакі, то гэта ўжо гібрыдная вайна XXI стагоддзя – не наўпрост абʼяўленая, не наўпрост рэалізаваная, не поўнамаштабная, як ва Украіне, але гэта вайна – вайна дабра са злом; вайна паміж заходняй і ўсходняй цывілізацыямі», – падкрэсліў Касіняк-Камыш.

«Я лічу, што Еўрасаюз павінен змяніць сваю палітыку бяспекі – вылучыць сродкі на фінансаванне дзейнасці ў ваеннай прамысловасці і на інвестыцыі ў еўрапейскую ваенную прамысловасць», – падкрэсліў міністр.

аз

ЗША размесцяць у Германіі пускавыя ўстаноўкі ракет далёкага радыусa дзеяння

11.07.2024 12:01
Гаворка ідзе пра ўстаноўкі, якія дазволяць запускаць, у тым ліку ракеты «Тамагаўк» і звышгукавыя ракеты.