Самая вялікая праблема расіян – абыякавасць. А Пуцін стала вучыцца ў Лукашэнкі, як рэпрэсаваць сваіх апанентаў – так у размове з намі гаворыць расійскі апазіцыянер, які ўцёк з краіны ў 2022 годзе, Яўген Дамажыраў.
З апазіцыйным палітыкам, які ў Варшаве жыве з вясны 2022 году, мы сустрэліся на адкрыцці варшаўскай пленэрнай выставы «Асобы расійскага супраціву» — серыя міжнародных выстаў пра расіян, якія выступалі супраць пуцінскага рэжыму і трапілі за гэта ў турмы.
Часта можна пачуць: «расіяне любяць Пуціна», «большасць расіян падтрымлівае вайну», «расіяне не пратэстуюць». Аднак гэта стэрэатыпы, якія паўтараюць людзі, якія не ведаюць рэальнай сітуацыі ў Расіі, пераконвалі аўтары і арганізатары выставы «Асобы расійскага супраціву».
На колькі распаўсюджаныя гэтыя стэрэатыпы, пытаемся мы ў Яўгена Дамажырава.
-Гэтыя стэрэатыпы існуюць. Аднак, тут трэба дакладна разумець, што як і беларусы не адкажуць шчыра на пытанні, так і ніводзін расіянін у Маскве адкрыта не прызнаецца ў сваіх поглядах. Апытанні пра вайну праводзіліся ўжо і ў 2022 годзе, але ў 2023 годзе да адказнасці пачалі прыцягваць не толькі тых, хто адказваў на пытанні, але і тых, хто апытваў. Мы ведаем, чым пагражае, калі чалавек адкрыта выступае супраць вайны. Цяпер за гэта пагражае не толькі адміністрацыйная адказнасць, але ўжо крымінальная. У Расіі цяжка казаць пра акрытасць падтрымкі Пуціна. Я лічу, што ўсе гэтыя рэйтынгі – дутыя. Я дакладна сачу за падзеямі, менавіта адкрытай падтрымкі вайны не так і шмат. Канешне, ёсць агалцелыя фашысты, і яны на відавоку ў першую чаргу, бо гэта падтрымлівае ўлада. Я думаю, што адкрытай падтрымкі вайны – 10-15%. Самая вялікая небяспека і праблема ў Расіі – гэта абыякавасць. 70% насельніцтва – проста напляваць на вайну, на тое, што адбываецца. Ім хочацца проста жыць і нічога не заўважаць.
Яўген Дамажыраў адсочвае колькасць загінулых расіян у Валагодскай вобласці. У траўні гэта было 650 чалавек. За апошнія 76 гадоў ва ўсіх канфліктах Валагодская вобласць страціла 195 чалавек. Апазіцыянер, беручы пад увагу страты ў сваёй вобласці, мяркуе, што агулам Расія магла страціць на вайне ва Украіне – 200-250 тысяч чалавек.
Ці аперацыя ў Курскай вобласці нешта зменіць? Калі маецца на ўвазе, ці пачнуць расіяне пратэставаць і выходзіць на вуліцы, то не, гаворыць Яўген Дамажыраў. На вуліцы расіяне выйдуць, калі памрэ Пуцін:
-Тады мы пабачым тое, што было ў Зімбабвэ. Людзі выйшлі на вуліцы радавацца, што яго зверглі. На жаль, гэта так. У прынцыпе тыя 10-15%, хто актыўна выступае супраць вайны, гаворыць пра гэта на кухнях, баяцца рэпрэсій. Народ запужаны. Гэта закон дыктатуры. У той жа Беларусі дыктатура яшчэ больш жорсткая. Мы разумеем, што Пуцін пастаянна перасякае мяжу. Цяпер, калі ён забіў Навальнага, мы разумеем, што кожны палітвязень бездапаможны. У любы момант любога палітвязня могуць забіць. Аднак, калі мы паглядзім на Беларусь, то пабачым, што Расіі яшчэ ёсць куды ісці. Напрыклад, у Расіі ўжо ідзе барацьба з адвакатамі, пачынаем даганяць Беларусь, але пакуль адвакаты яшчэ ёсць, а ў Беларусі палітычных абараняць няма каму. Прычым, калі паглядзець з гістарычнага пункту гледжання, то ў Беларусі гэта сітуацыя горшая, чым у сталінскія часы. На жаль, Пуцін увесь час ідзе за Лукашэнкам у гэтых эксперыментах. На жаль, але гэта так.
Яўген Дамажыраў расказвае, што цяпер яго дзейнасць у першую чаргу скіраваная супраць вайны. Ён робіць антываенныя публікацыі, працягвае весці свой ТГ-канал, выходзіць у эфіры на YouTube, арганізуе дабрачынныя акцый, напрыклад, “Вернем цяпло і свет Украіне”, калі было сабрана амаль 600 тысяч еўра на пакупку генератараў.
У Расіі Яўген Дамажыраў завочна арыштаваны, у тым ліку за дапамогу Украіне, за антываенныя публікацыі пра злачынствы расійскай арміі, якія ў Расіі называюцца фэйкамі.
ав
Поўная размова ў далучаным гукавым файле.
слухайце аўдыё