Беларуская Служба

Дэзінфармацыя можа прымаць розныя формы. Расказваем канкрэтны прыклад

07.09.2024 07:14
Апошні артыкул у штотыднёвіку «Do Rzeczy» стварае значна большы выклік і паказвае маштаб пагрозы.
Ілюстрацыйны здымакфота: Pixabay.com/Andrys

Гэта, сярод іншых, фабрыка троляў, прарасійскія сайты і каментарыі ў сацыяльных сетках, але гэта таксама можа праявіцца ў выглядзе Марціна Скальскага, аўтара, які вядомы распаўсюджваннем расійскай прапаганды ў Польшчы. У сувязі з яго дзейнасцю спецыялісты ад дэзінфармацыі маюць шмат працы.

Раней Скальскі пісаў «пра неабходнасць сцерці Літоўскую Рэспубліку з мапы», а таксама пра тое, што ён з'яўляецца «прыхільнікам польска-расійскай дамовы на трупе ўкраінскай дзяржавы». Акрамя таго, ён сцвярджаў, што палякі, якія ратавалі габрэяў падчас Другой сусветнай вайны, не павінны быць узорам для грамадства.

Аднак апошні артыкул стварае значна большы выклік і паказвае маштаб пагрозы. Артыкул пад назвай «Нас чакае этнічны канфлікт?», які рэкламуецца на вокладцы штотыднёвіка «Do Rzeczy», і ўвесь яго змест у нейкім сэнсе з'яўляецца перасцярогай ад нібыта ўкраінізацыі Польшчы. На думку аўтара, «палякі не будуць мець выключна сваёй дзяржавы, а можа, ужо не маюць», — чытаем у правацэнтрысцкім тыднёвіку.

Ясна бачна, што тэкст меў на мэце стварыць уражанне прафесійнага, нават навуковага матэрыялу. У ім шмат спасылак на даследаванні і экспертныя аналізы, як польскія, так і ўкраінскія. Большасць, аднак, спасылаецца на састарэлыя дадзеныя адносна рэчаіснасці задоўга да 2022 году, то бок пачатку вайны ва Украіне. Многія цытаты таксама вырываюцца з кантэксту і выкарыстоўваюцца для пашырэння тэзіса аўтара, які не прыводзіць доказаў нібыта ўкраінізацыі ці этнічнага канфлікту, а толькі паўтарае тэндэнцыйныя ксенафобскія меркаванні.

Не абмінуў аўтар і постаць Бандэры. У гэтым выяўляецца поўнае няведанне аўтарам тэмы і неразуменне ўкраінскай літаратуры, культуры і традыцый. Ён сцвярджае, што ідэнтычнасць украінскай нацыі грунтуецца выключна на міфе пра УПА. Тут ён спасылаецца, між іншым, на навуковы артыкул прафесара Алега Лешчака, у вусны якога ён укладае песімістычны погляд на польска-ўкраінскія адносіны. У сваёй працы ўкраінскі славіст і лінгвіст разглядае медыйны дыскурс узаемадачыненняў палякаў і ўкраінцаў, дзе, як выяўляецца, няма недахопу ў прапольскай рыторыцы ва Украіне і праўкраінскай рыторыцы ў Польшчы. І выснова ўсяго даследавання істотна адрозніваецца ад той, якую прадставіў Марцін Скальскі. Прафесар Алег Лешчак звяртае ўвагу на непараўнальную важнасць гістарычных пытанняў у Польшчы і Украіне і адзначае, што ў абедзвюх краінах крытыкуюцца праявы нацыяналістычных настрояў.

У тэксце на вокладцы «Do Rzeczy» таксама маніпуляваная заява Мацея Душчыка з Цэнтра міграцыйных даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта. — У Польшчы можа з’явіцца новы Бандэра, калі мы не інтэгруем украінцаў, — заявіў прафесар у студзені 2023 года, і гэты сказ выкарыстаў Марцін Скальскі, папярэджваючы палякаў аб патэнцыйнай пагрозе з боку нашых усходніх суседзяў. З іншага боку, Душчык нагадвае пра ўжо вядомыя ў гісторыі міграцыі выпадкі сацыяльнага выключэння імігрантаў і іх наступствы, а таксама заклікае да інтэграцыі і павелічэння дапамогі бежанцам з вайны. Такім чынам, у згаданым артыкуле сутнасць справы цалкам перакручана.

У кантэксце інтэграцыі і асіміляцыі ўкраінцаў існавала таксама пытанне наведвання ўкраінскімі дзецьмі польскіх школ. Нягледзячы на ​​тое, што артыкул быў апублікаваны ў апошнім нумары тыднёвіка, аўтар прапагандысцкага тэксту спасылаецца на заявы паўгадовай даўніны, не спасылаючыся на цяперашнія высновы. Аўтар артыкула хоча напалохаць сваю аўдыторыю міжнацыянальным канфліктам, які ўспыхне ў сувязі з выкладаннем украінскай версіі гісторыі, не ўдакладняючы, што ўкраінскія дзеці вучацца па польскай праграме. Марцін Скальскі таксама коратка згадвае, што з верасня ў польскіх школах будуць навучацца некалькі сотняў тысяч дзяцей з Украіны. Фактычна толькі ў канцы верасня стануць вядомыя рэальныя лічбы, якія на гэты момант ацэньваюцца Міністэрствам адукацыі і мясцовымі ўладамі ў максімум 30 тысяч, а не ў некалькі сотняў.

У тытульным артыкуле «Do Rzeczy» змешчана больш недакладнасцяў. Але найважнейшы яго тэзіс — прапаганда лозунгу аб украінізацыі Польшчы — неаднаразова выкарыстоўваецца расійскай прапагандай. Яна атаесамляецца з германізацыяй ці русіфікацыяй, а як вядома, польскіх дзяцей ніхто не прымушае вывучаць мову. Такім чынам, тэкст з'яўляецца яшчэ адным прыкладам, хаця насамрэч больш удасканаленым, дэзінфармацыі, накіраванай на тое, каб узмацніць нежаданне польскага грамадства да ўкраінцаў і, такім чынам, адпужаць палітыкаў, якія дагэтуль падтрымлівалі ідэю далейшай падтрымкі Кіева, на што Крэмль, безумоўна, разлічвае.

Такім чынам, Уладзімір Пуцін пасылае ўсмешкі прызнання і ўдзячнасці такім аўтарам, як Марцін Скальскі.

Катажына Сэман/пераклала ав