Беларуская Служба

Не ўсе польскія палітыкі падтрымалі Дональда Туска ў намерах змяніць міграцыйную стратэгію краіны

16.10.2024 06:15
На пасяджэнні ўрад Польшчы, праз год пасля парламенцкіх выбараў, на якіх партыя «Права і Справядлівасць» страціла ўладу, была прынятая новая міграцыйная стратэгія Польшчы. Але аднагалоснай падтрымкі ініцыятывы прэм'ер-міністра Дональда Туска не было. Прадстаўнікі левых выступілі супраць.
Прэм’ер Дональд Туск PAP/Marcin Obara

«Міграцыйная стратэгія прынятая. Цяжкае рашэнне, але вельмі неабходнае і чаканае», — напісаў Дональд Туск на платформе X пасля некалькіх гадзін урадавых абмеркаванняў гэтага пытання.

Старшыня парламенцкага клуба левых Анна Марыя Жукоўска адзначыла, што стратэгія «была прынятая з рознагалоссямі чатырох канстытуцыйных міністраў левых», таму што «адзін яе фрагмент (...) непрымальны».

Для інфармацыі: урад Польшчы таксама падрыхтуе канцэпцыю абмежаванай праграмы «гуманітарнага знаходжання» для замежнікаў, якія адпавядаюць адпаведным крытэрам. Дакумент закліканы задаволіць неабходнасць стварэння каналаў легальнай міграцыі.

Прэм'ер-міністр не пагадзіўся з папраўкамі, прапанаванымі гэтай партыяй. Польшча 2050 таксама выказала свае заўвагі. 

«Яна (стратэгія, — рэд.) была прынятая з рознымі меркаваннямі чатырох левых канстытуцыйных міністраў. Прэм'ер-міністр не пагадзіўся з нашымі папраўкамі, якія датычацца, у тым ліку, адпаведнасці канстытуцыі ў стратэгіі», — напісала ў сацсетках Анна Марыя Жукоўска (Anna Maria Żukowska), каментуючы заяву Дональда Туска.

Міністры ад партыі левых ва ўрадзе Польшчы — віцэ-прэм'ер і міністр лічбавых тэхналогій Кшыштаф Гаўкоўскі (Krzysztof Gawkowski), міністр працы Агнешка Дзем'яновіч-Бонк (Agnieszka Dziemianowicz-Bąk), міністр навукі Дарыюш Вечорак (Dariusz Wieczorek), міністр роўнасці Катажына Котуля (Katarzyna Kotula) выказалі свае заўвагі.

«Як грамадзянка і міністр ад «Польшча 2050» я лічу, што, клапоцячыся пра бяспеку, мы не можам адступаць ад прававых і маральных прынцыпаў», — тлумачыць Катажына Пелчыньска-Налэнч, міністр фінансаў і рэгіянальнай палітыкі.

Яна дадае, што па просьбе польскіх міністраў ад «Польшча 2050» у стратэгію было дададзенае палажэнне, якое гарантуе, што часовае прыпыненне разгляду просьбаў аб прадастаўленні прытулку ў сітуацыях сур'ёзнай пагрозы павінна быць магчымым толькі пад кантролем парламента, забяспечваючы асаблівую абарону адчувальных груп (дзеці, цяжарныя жанчыны), што заснавана на перадавой практыцы іншых дэмакратычных краін.

«Далейшай апрацоўцы рашэнняў, прапанаваных у стратэгіі, павінны папярэднічаць сацыяльныя кансультацыі з прадстаўнікамі, у тым ліку, мясцовых органаў улады, прадпрымальнікаў і грамадскіх арганізацый. Мы імкнёмся да правядзення такіх кансультацый, таму што кожная перспектыва мае вырашальнае значэнне. «Польшча 2050» рашуча выступае за тое, каб, акрамя вымярэння бяспекі, рэалізацыя стратэгіі ўлічвала патрэбы развіцця ў сферы рынку працы і навукі», — гаворыцца ў допісе.
Нагадаем, на днях прэм'ер-міністра Польшчы Дональд Туск выступіў з прапановай змяніць міграцыйную палітыку краіны.

У новай Стратэгіі міграцыі, якая распрацавана на перыяд 2025–2030 гг., ідзе размова пра доступ на тэрыторыю Польшчы, доступ  да нацыянальнай і міжнароднай абароны, доступ да рынку працы, пра адукацыйную  міграцыю, інтэграцыю, грамадзянства і рэпатрыяцыю, кантакты з дыяспарай. Шмат спрэчак выклікала заява кіраўніка ўрада аб тым, што адным з яго элементаў будзе часовае тэрытарыяльнае прыпыненне права на прытулак.

Акрамя міграцыі на двухдзённым саміце Рады Еўропы (17-18 кастрычніка) лідары ​​будуць гаварыць пра Украіну, Блізкі Усход, канкурэнтаздольнасць і замежныя справы. На мінулым тыдні на пасяджэнні парламенцкага камітэту ЕС міністр па еўрапейскіх справах Адам Шлапка падкрэсліў, што Польшча хоча пачуць моцнае паведамленне наконт Беларусі.

Паводле onet.pl/вх