Лукашэнка разлічвае пераабрацца, карыстаючыся тым, што Расія ды Захад занятыя вайной ва Украіне.
26 кастрычніка былі пададзеныя дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы Лукашэнкі, яе ўзначаліў старшыня ФПБ.
«Падрыхтаваны ўвесь неабходны пакет дакументаў. Пасля рэгістрацыі ў ЦВК, як і прадугледжана законам, сябры нашай ініцыятыўнай групы пачнуць збор подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі», - заявіў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Юрый Сянько.
Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі прызначаны на 26 студзеня 2025 года. Апроч Аляксандра Лукашэнкі, намер удзельнічаць у іх выказаў яго прыхільнік, кіраўнік праўладнай Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч, а таксама лідар ліквідаванага ўладамі руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч. Іншыя дэмакратычныя палітыкі заклікалі галасаваць «супраць усіх».
Чакалася, што выбары адбудуцца ў лютым, з чым звязаная такая паспешлівасць Лукашэнкі, якія на паўгода скараціў свой «прэзідэнцкі тэрмін». Пра гэта мы паразмаўлялі з палітолагам Андрэем Казакевічам.
− Сітуацыя была вельмі прадказальная. Уладам прасцей праводзіць хуткія ды кароткія кампаніі. Улічваючы тое, што вонкавая сітуацыя не ўстойлівая з-за вайны ды санкцый, ёсць праблемы з прагназаваннем сітуацыі, таму вельмі лагічна выглядае правесці вельмі хуткую і ціхую кампанію ва ўмовах, калі ідуць выбары ў ЗША ды назіраецца зацішша на фронце ва Украіне.
Навошта Лукашэнку было змяняць Канстытуцыю, уводзіць УНС? Што цяпер будзе з гэтай структурай ды ўсёй сістэмай улады?
− Гэта рабілася выключна для перастрохоўкі, калі раптам Лукашэнку давядзецца пакінуць сваю пасаду. Адразу пасля 2020-га года гэта сур'ёзна абмяркоўвалася, бо ўсе разумелі, што ён прайграў выбары. Таму была задуманая такая мадэль на падстрахоўку, каб Лукашэнка мог захаваць кантроль у сітуацыі транзіту ўлады.
Цяпер ад гэтай ідэі адмовіліся, кажа эксперт
− Адмовіліся ад транзіту, калектыўнага Лукашэнкі недзе з 2022-га году. Наадварот, Лукашэнка толькі ўмацаваў сваю ўладу, адбылося далейшае пашырэнне яго паўнамоцтваў. У новай Канстытуцыі шмат мёртвых ад пачатку палажэнняў, яны задумваліся толькі на ўсялякі выпадак надзвычайнай сітуацыі. У будучым годзе ніхто яе падштурхоўваць не будзе. Хутчэй за ўсё ў Беларусі будзе толькі павялічвацца цэнтралізацыя ўлады. Лукашэнка будзе не толькі прэзідэнтам але яшчэ старшынём УНС. Вырасце яго ўлады ды незамяняльнасць. Гэта той шлях, які абраў рэжым у Беларусі.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч
Слухайце размову ў аўдыёфайле