Беларуская Служба

Міграцыйнае заканадаўства і правы чалавека: як збалансаваць абарону мяжы і чалавечнасць?

11.01.2025 16:12
Палітыкі павінны адказаць на пытанне, ці актуальныя сёння стандарты абароны правоў бежанцаў, якія бяруць пачатак з 1950-х гадоў.
Польскія салдаты на мяжы з БеларуссюФота: Dowództwo Generalne Rodzajów Sił Zbrojnych

Задума міграцыйнага заканадаўства не заключаецца ў тым, што дзяржава абавязана пускаць усіх, але ні пры якіх абставінах дзейнасць дзяржавы не можа падвяргаць кагосьці бесчалавечнаму абыходжанню, - сказаў у пятнічным інтэрв'ю «DGP» амбудсмен па правах чалавека Марцін Вёнцэк.

У інтэрв’ю выданню «Dziennik Gazeta Prawna» ўпаўнаважанага па правах чалавека спыталі пра канфлікт паміж правамі чалавека і абаронай усходняй мяжы краіны. «Мы аналізуем законапраект, які з'явіўся ў заканадаўчай рабоце ўрада. Сваю пазіцыю мы выкладзем у свой час, але вы маеце рацыю, што гэта канфлікт каштоўнасцяў. Беларускі рэжым выкарыстоўвае людзей у гібрыднай вайне, а ў той жа час мы маем стандарты, крыніцай якіх з'яўляецца Канвенцыя аб статусе бежанцаў з 28 ліпеня 1951 года, і заканадаўства ЕС, якое вырасла з каштоўнасцяў, якімі кіруецца гэтая Канвенцыя», - адзначыў Марцін Вёнцэк.

«Як недапушчальна сёння выдаць Беларусі злачынца, таму што мы ведаем, што з чалавекам там не абыходзяцца належным чынам, мы не можам аўтаматычна вяртаць туды людзей, якія ні ў чым не падазраюцца», — звярнуў увагу ён.

На пытанне, што рабіць з такім чалавекам з польска-беларускай мяжы, ён адказаў: «Праверыць, ці патрэбная яму гуманітарная ці медычная дапамога, ці падазраюць яго ў злачынстве ці варожай дзейнасці, і вызначыцца з ягоным статусам».

«У гэтым і заключаецца дэмакратычная прававая дзяржава: каб чалавек быў правераны дзяржавай, перш чым вырашаць яго лёс», — адзначыў ён і дадаў, што гэта стандарты. Пры гэтым ён прызнаў, што такія краіны, як Беларусь, бязлітасна эксплуатуюць каштоўнасці, на якіх пабудавана еўрапейская цывілізацыя.

Па словах упаўнаважанага па правах чалавека, палітыкі - у Польшчы, у Еўропе і ва ўсім свеце - павінны адказаць на пытанне, ці актуальныя сёння стандарты абароны правоў бежанцаў, якія бяруць пачатак з 1950-х гадоў, і ці адпаведныя яны з улікам актуальных пагроз.

«Мая роля — патрабаваць гэтых стандартаў, нагадваць пра іх уладам, падкрэсліваць, што на тэрыторыі нашай краіны не можа быць сітуацый, у якіх чалавека пазбаўляюць годнасці», — падкрэсліў Марцін Вёнцэк.

«Тут у кожнага свая задача. Роля каментатараў іншая, палітыкаў, якія ствараюць заканадаўчую базу, і ў мяне іншая. Я б'ю трывогу рознымі спосабамі, але што мы з гэтай трывогай будзем рабіць як краіна, ужо не залежыць ад мяне», - сказаў ён.

ав