Беларуская Служба

Сітуацыя католікаў у Беларусі пагаршаецца, Папа Рымскі маўчыць, а Лукашэнка лічыць адносіны з Ватыканам узорнымі

05.02.2025 12:27
Паводле арганізацыі «Дапамога Касцёлу ў патрэбе», толькі ў Нікарагуа больш святароў падвяргаюцца пераследам і арыштам па палітычных матывах.
K
Kсёндз Генрых Акалатовіч katolik.life

Католікі ў Беларусі зноў апынуліся пад ударам спецслужбаў. Арышты, сачэнне, прымусовая эміграцыя духавенства, закрыццё святыняў. Становішча Каталіцкага касцёла ў Беларусі горшае, чым у часы позняга Савецкага Саюза. Чаму Ватыкан не выступае ў іх абарону? – задумоўваецца дырэктар Цэнтра ўсходніх даследаванняў Войцех Каноньчук на старонках выдання Tygodnik Powszechny.



Са жніўня 2020 года, калі ў краіне ўспыхнулі масавыя пратэсты пасля фальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў, 31 каталіцкі святар знаходзіўся або ўсё яшчэ знаходзіцца ў зняволенні. Як мінімум, дзясятак іншых збеглі за мяжу, баючыся арышту (у тым ліку святары з Польшчы, якія раней служылі ў гэтай краіне).

Рэпрэсіі закранулі, як мінімум, кожнага дзясятага каталіцкага духоўнага ў Беларусі. Паводле ацэнак міжнароднай арганізацыі «Дапамога Касцёлу ў патрэбе», толькі ў Нікарагуа больш святароў падвяргаюцца пераследам і арыштам па палітычных матывах.

Рэпрэсіі супраць Касцёла - гэта частка дзеянняў супраць грамадзянскай супольнасці, накіраваных на ўціхамірванне ўсіх апанентаў (рэальных і ўяўных) або тых, хто можа імі стаць у будучыні. Маштаб рэпрэсіяў у Беларусі большы, чым у Расіі.

Ва ўмовах усё большай таталітарызацыі рэжыму было б дзіўна, каб не пацярпелі таксама Касцёлы і іншыя рэлігійныя арганізацыі.

З праваслаўнай царквой рэжым справіўся даволі хутка: у 2020 годзе яе кіраўніка змянілі, а нешматлікіх непаслухмяных святароў уціхамірылі. У выніку беларускі дыктатар можа разлічваць на лаяльнасць Праваслаўнай царквы. Аднак больш сур'ёзным праціўнікам лічыўся Каталіцкі касцёл, адбудову якога, пасля савецкага перыяды, падтрымала духавенства з Польшчы. Вялася евангелізацыя, рамантаваліся і будаваліся касцёлы, былі створаны дзве духоўныя семінарыі.

Каталіцкі касцёл у Беларускі з цягам часу стаў нацыянальным, маргіналізуючы свае польскія карані і перайшоўшы на беларускія пазіцыі.



З ростам аўтарытарызму з сярэдзіны 1990-х гадоў рэжым Лукашэнкі пачаў глядзець на святароў з Польшчы з усё большай падазронасцю. Іх пачалі выдаляць: ім усё цяжэй было атрымаць візу, некаторым загадалі з'ехаць. Колькасць духавенства з Польшчы скарацілася да 202 у 2005 годзе, 120 у 2016 і каля 50 цяпер. Для рэжыму праблемай былі не толькі святары з Польшчы, але таксама падпарадкаванне Касцёла ўладзе Ватыкана.

Асабліва пасля таго, як Каталіцкі касцёл адважыўся выступіць у абарону збітых пратэстоўцаў у 2020 годзе, рэжым вырашыў падарваць яго аўтарытэт і папулярнасць у грамадстве. Улады ў Мінску спачатку прымусілі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча да часовай прымусовай эміграцыі, а пазней дазволілі ямы вярнуцца ў Беларусь, але за кошт адстаўкі з пасады кіраўніка беларускага касцёла.



У снежні 2023 года рэжым унёс змены ў закон «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях», якія рэзка абмежавалі і без таго нязначную свабоду дзейнасці рэлігійных суполак. Яшчэ да прыняцця рэпрэсіўнага закону ўлады зачынілі «Чырвоны касцёл» у Мінску - сімвал адраджэння каталіцтва ў Беларусі пасля камуністычнага перыяду.

«Справа ў тым, што за апошнія гады Ватыкан ніколі не выказваўся ў абарону беларускіх святароў і вернікаў. Гэта частка даўняй традыцыі ўсходняй дыпламатычнай палітыкі Ватыкана (перапыненай толькі пантыфікатам Яна Паўла ІІ), адметнай рысай якой з’яўляецца моцнае, якое мяжуе з наіўнасцю, перакананне, што любым коштам трэба падтрымліваць каналы дыялогу - некалі з савецкім рэжымам, сёння - з постсавецкім. Аднак цяжка не бачыць, што Касцёлу ў Беларусі з кожным годам усё цяжэй, і Ватыкан, захоўваючы дэманстратыўна добрыя адносіны з уладай, не ў стане гэтага змяніць», - канстатуе аўтар артыкула і нагадвае, што  ў снежні 2024 года Мінск прыняў рашэнне аб адкрыцці пасольства ў Ватыкане, што традыцыйна лічыцца праявай добрых адносін.

аз