Беларуская Служба

СААЗ: Беларус выпівае за год 90 бутэлек гарэлкі

12.07.2019 09:12
Трывогу ў спецыялістаў СААЗ выклікае не толькі колькасць, але і мадэль ужывання алкаголю ў Беларусі.
A.    .
Aлкаголь. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Photo: jarmoluk /CC0 Public Domain

Згодна са звесткамі апошняй справаздачы Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, беларускі мужчына выпівае за год 90 бутэлек гарэлкі, заявіў на прэс-канферэнцыі ў Менску каардынатар праграм па грамадскім здароўі краінавага офіса СААЗ у Беларусі Валянцін Русовіч, паведамляе „Радыё Рацыя” са спасылкай на БелаПАН.

Паводле яго слоў, у Беларусі на чалавека (з 15 гадоў і старэйшага) прыпадае 9,6 літра спажытага абсалютнага алкаголю (спірту), а з улікам незарэгістраванага спіртнога — 11,2 літра. Пры гэтым мужчыны спажываюць 18 літраў чыстага спірту на год у пераліку на ўсе віды алкагольных напояў, жанчыны — 5,5 літра.

„Адзін літр чыстага спірту эквівалентны пяці паўлітровым бутэлькам гарэлкі. Калі пералічыць гэтыя 18 літраў чыстага спірту, то ў эквіваленце моцных спіртных напояў гэта 90 бутэлек гарэлкі на год. Атрымліваецца на тыдзень — паўтары бутэлькі гарэлкі, калі чалавек не п’е іншых алкагольных напояў”, — растлумачыў Русовіч.

Трывогу ў спецыялістаў СААЗ выклікае таксама і мадэль ужывання алкаголю ў Беларусі.

Кіраўнік Рэспубліканскага цэнтра маніторынгу і прэвенталогіі РНПЦ псіхічнага здароўя Аляксей Кралько паведаміў, што на дыспансерным наркалагічным уліку з дыягназам „алкагалізм” знаходзяцца 158 тысяч чалавек. Яшчэ прыблізна 95 тысяч знаходзяцца пад прафілактычным наглядам. Ён адзначыў, што сітуацыя са злоўжываннем алкаголем у краіне за апошнія гады стабілізавалася, захворванне алкагалізмам штогод зніжаецца на 2-3%.

аз