Археалагічныя і экспертныя працы на месцы мяркуемай магілы Віктара Каліноўскага ў Свіслачы скончаны. Працы ішлі 4 дні – з 8-га па 11 ліпеня, паведамляе „Радыё Рацыя”.
Калі былі выяўлены парэшткі двух чалавек, археолагі спынілі сваю частку працы. Пасля гэтага з Менску былі выкліканы дадатковыя эксперты. Адмыслоўцы ўзялі фрагменты парэшткаў, пасля чаго раскоп быў засыпаны.
Усе працы былі пратакаліраваны Следчым камітэтам згодна з працэсуальным заканадаўствам. Як паведаміў прадстаўнік грамадскасці Юрый Глебік, цяпер трэба чакаць афіцыйных вынікаў экспертызаў, якія будуць весці беларускія і літоўскія спецыялісты.
Пасля правядзення даследаванняў фрагментаў на сайце Следчага камітэту павінна з’явіцца афіцыйная інфармацыя. Незалежна ад вынікаў экспертызы, праз некалькі месяцаў, калі асядзе грунт, помнік з крыжам і яшчэ адзін надмагільны камень з шыльдай павінны вярнуцца на ранейшае месца.
аз