Беларуская Служба

Эксперты бачаць істотны бар`ер для прыходу інвестараў у беларускі гандаль

15.07.2019 13:07
На гэты момант замежныя харчовыя сеткі не праяўляюць цікавасці да ўваходжання на рынак Беларусі.
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjnepixabay

Заканадаўчае патрабаванне аб продажы тавараў беларускай вытворчасці з`яўляецца „істотным бар`ерам” для прыходу ў харчовы рэтэйл Беларусі міжнародных гульцоў, лічаць у кампаніі „Еўрагандаль”, найбуйнейшай харчовай сетцы Беларусі.

У ліпені „Еўрагандаль” праз сваю даччыную структуру ў Расіі, ТАА „Рытэйл Бел Фінанс”, размясціў першы выпуск аблігацый на расійскім рынку, паведамляе БелаПАН.

У праспекце эмісіі аблігацый гаворыцца, што кампанія не выключае прыходу на беларускі рынак канкурэнтаў з ліку замежных рознічных сетак. „Аднак ёсць шэраг бар`ераў, якія ўскладняюць выхад замежных гульцоў на беларускі рынак”, — гаворыцца ў дакуменце.

Да ліку такіх бар`ераў „Еўрагандаль” адносіць заканадаўчае патрабаванне аб продажы прадуктаў беларускай вытворчасці і недастаткова развітую інфраструктуру.

„Еўрагандаль” звяртае ўвагу, што паводле дзейнага нарматыўнага рэгулявання ў Беларусі асартымент кожнага рознічнага аб`екта павінен уключаць пэўную долю прадуктаў, вырабленых у Беларусі.

„Ад 600 да 3.350 найменняў тавараў у адным гандлёвым аб`екце павінна быць мясцовай вытворчасці. Гэта з`яўляецца істотным бар`ерам для ўваходу на рынак міжнародных гульцоў, асабліва сетак дыскаунтараў, якія кіруюць стандартызаванай міжнароднай матрыцай, у якую ўваходзяць, як правіла, сукупна ад 1.000 да 2.000 найменняў тавараў”, — гаворыцца ў праспекце эмісіі аблігацый расійскай „дачкі” „Еўрагандлю”.

На думку экспертаў беларускай сеткі, з-за згаданых абставінаў „новы гулец не зможа паўнавартасна канкураваць з дзейнымі на рынку рэтэйлерамі па закупачных цэнах, пакуль аб`ём закупак тавараў лакальнай вытворчасці не дасягне значных маштабаў”.

Акрамя гэтага, лічаць у „Еўрагандлі”, складанасць у патэнцыйнага канкурэнта паўстане і з тым, што „ён будзе вымушаны сфармаваць новую асартыментную матрыцу для беларускага рынку, бо выкарыстанне міжнароднай матрыцы будзе немагчымым з прычыны заканадаўчых абмежаванняў”.

Эксперты беларускага рэтэйлу паведамілі, што на гэты момант замежныя харчовыя сеткі не праяўляюць цікавасці да ўваходжання на рынак Беларусі.


аз