Беларуская Служба

У Мінску дамовіліся аб бестэрміновым перамір'і на Данбасе

18.07.2019 08:50
У заяве кантактнай групы падкрэсліваецца «агульная і цвёрдая прыхільнасць поўнага выканання мінскіх пагадненняў».
Mińsk
Mińskpixabay.com

Трохбаковая кантактная група па ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе падчас пасяджэння ў Мінску ў сераду дамовілася аб бестэрміновым перамірʼі. Яно павінна пачацца ў 00:00 21 ліпеня, паведаміў па выніках перамоў спецпрадстаўнік дзеючага старшыні АБСЕ Марцін Сайдзік, чытаем на сайце naviny.by.

Па словах Сайдзіка, у заяве кантактнай групы падкрэсліваецца «агульная і цвёрдая прыхільнасць поўнага выканання мінскіх пагадненняў».

Бакі адмаўляюцца ад наступальных дзеянняў і разведвальна-дыверсійных аперацый, прымянення любога выгляду агню, уключаючы снайперскі, ад размяшчэння цяжкага ўзбраення ў населеных пунктах і іх наваколлі, на абʼектах грамадзянскай інфраструктуры, уключаючы школы, дзіцячыя сады, бальніцы.

Удзельнікі канфлікту абавязваюцца забяспечыць надзейны і бяспечны доступ спецыяльнай маніторынгавай місіі АБСЕ да абʼектаў па ўсёй тэрыторыі Украіны.

Абʼяву бестэрміновага перамірʼя, па словах Сайдзіка, стала магчыма дзякуючы сустрэчы дарадцаў кіраўнікоў дзяржаў «нармандскай чацвёркі» 12 ліпеня ў Парыжы.

«Гэтая сустрэча мае практычнае значэнне для нашага сённяшняга пасяджэння, і я ўпэўнены, што яе вынікі акажуць станоўчы ўплыў на нашу будучую працу ў цэлым», – сказаў спецпрадстаўнік старшыні АБСЕ.

Пры гэтым Сайдзік звярнуў увагу на тое, што ў апошні час пачасціліся парушэнні рэжыму спынення агню і павелічэнне ахвяр сярод грамадзянскага насельніцтва. Дасягнутая сёння дамоўленасць – «сапраўды вельмі важны крок». «Мы ўжо доўга не маглі ўзгадніць такое перамірʼе», – адзначыў дыпламат.

Наступнае пасяджэнне кантактнай групы запланавана на 31 ліпеня.

ав