24 ліпеня Магілёўскі абласны суд разгледзіў апеляцыйную скаргу асуджанага Пятра Кучуры на рашэнне суда Кастрычніцкага раёна г. Магілёва, дзе зняволены абскарджваў вынесеныя яму адміністрацыяй ПК №15 спагнанні,- паведамляе ПЦ Вясна.
Жонка асуджанага Людміла Кучура распавяла ПЦ «Вясна», што на паседжанне з’явілася прадстаўніца калоніі, якая не прыводзіла якіх-небудзь довадаў і абгрунтаванняў таго, што Пётр Кучура сапраўды здзяйсняў парушэнні рэжыму ўтрымання, а толькі зачытвала правілы ўнутранага распарадку ў ПК №15.
У выніку Магілёўскі абласны суд палічыў рашэнне суда Кастрычніцкага раёна Магілёва правамерным і пакінуў скаргу асуджанага без задавальнення.
Пасля вынесенага рашэння Магілёўскім абласным судом жонка асуджанага Людміла Кучура будзе падаваць скаргу ў наглядным парадку, а таксама рыхтаваць індывідуальны зварот у Камітэт па правах чалавека ААН.
Акрамя гэтага Людміла Кучура плануе звярнуцца ў Следчы камітэт па Магілёўскай вобласці з заявай аб узбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да начальніка папраўчай калоніі №15 Аляксея Лазарэнкі па арт. 426 Крымінальнага кодэкса – «Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў». Найперш гэта звязана з тым, што лісты Пятра Кучуры да жонкі планамерна знішчаюцца цэнзурай, з калоніі не была выпушчана яго апеляцыйная скарга ў суд нібы з-за памылак у афармленні, асуджанаму не даюць магчымасць зрабіць даверанасць на жонку для прадстаўлення яго інтарэсаў.
«Больш за 200 дзён мой муж знаходзіцца то ў ПКТ, то ў ШІЗА па чарзе. Але ніхто нічога не збіраецца выпраўляць», – адзначае Людміла Кучура.
Нагадаем, надзвычайная сітуацыя склалася вакол Пятра Кучура пасля стварэння яго жонкай петыцыі за перадачу паўнамоцтваў Дэпартамента выканання пакаранняў Міністэрству юстыцыі. Асаблівую занепакоенасць у адміністрацыі калоніі выклікала тое, што такім чынам раскрылася інфармацыя пра катаванні і неаказанне медыцынскай дапамогі ў калоніі, якія прывялі да некалькіх смерцяў, у тым ліку і жонкі аднаго з асуджаных падчас працяглага спаткання.
яс