Беларуская Служба

Прамыя замежныя інвестыцыі скараціліся на 16%

19.08.2019 19:03
У 2018 годзе ў Беларусь паступіла ў выглядзе прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове 1,6 млрд долараў.
Амерыканскі доларpixabay.com/CC0 Public Domain

У першым паўгоддзі ў Беларусь паступіла 1,09 млрд долараў прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове (без уліку запазычанасці інвестараў за тавары, работы, паслугі), гаворыцца ў бюлетэні Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года паступленне прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове скарацілася на 16%, паведамляе Радыё «Рацыя» са спасылкай на агенцтва БелаПАН.

Значны аб’ём прамых замежных інвестыцый, якія паступаюць у Беларусь, прыпадае на рэінвеставаны прыбытак (даход замежных акцыянераў беларускіх кампаній, які яны не выводзяць з краіны).

Між тым старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч, выступаючы ў ліпені на VI Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў Санкт-Пецярбургу, паскардзіўся на тое, што расійскія кампаніі ў 2019 годзе сталі актыўна выводзіць з Беларусі зароблены прыбытак.

Ён звярнуў увагу, што ў 2018 годзе расійскія інвестары забралі з Беларусі 50% заробленага прыбытку, а ў першым квартале гэтага года – 75%.

У 2018 годзе ў Беларусь паступіла ў выглядзе прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове 1,6 млрд долараў. Урад у жніўні гэтага года паведаміў, што ў 2020 годзе чакае паступлення ў краіну 1,7 млрд долараў у выглядзе прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове.

Праект нацыянальнай стратэгіі прыцягнення прамых замежных інвестыцый да 2035 года прадугледжвае, што ўжо ў 2025 годзе ў Беларусь паступіць 3 млрд долараў у выглядзе прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове.

вс