Беларуская Служба

Партыя «Зялёныя» прыме ўдзел у парламенцкіх выбарах

27.09.2019 17:17
«Зялёныя» падкрэсліваюць, што Беларусь мае патрэбу пераходу на ўзнаўляльную энергетыку як грунт для энергетычнай і эканамічнай незалежнасці.
Партыя «Зялёныя» прыме ўдзел у парламенцкіх выбарахфота: greenbelarus.info

Беларуская партыя «Зялёныя» вырашыла прыняць удзел у выбарчай кампаніі 2019 года, каб падтрымаць кампанію па абароне незалежнасці Беларусі, моладзевыя кліматычныя акцыі і прасоўваць тэму недапушчальнасці запуску БелАЭС. Такое рашэнне было прынята на з'ездзе партыі 24 верасня, паведамляе Зялёны партал.

«Мы хацелі б падкрэсліць, што не лічым гэту кампанію выбарамі і не маем намеру рабіць выгляд, што змагаемся за месцы ў Палаце прадстаўнікоў. Мы добра ўсведамляем, што сапраўдных выбараў у краіне даўным-даўно не адбываецца, роўна як не існуе і законна абранага Парламента. Мы разглядаем свой удзел у гэтым працэсе выключна як інфармацыйную кампанію», – гаворыцца ў заяве партыі.

«Зялёныя» збіраюцца скарыстацца магчымасцю доступа да публічнай прасторы, што дае выбарчая кампанія, і прыцягнуць грамадскую ўвагу да важных праблем, сярод якіх яны вылучаюць праблему захавання незалежнасці Рэспублікі Беларусь у святле паўсталай пагрозы «паглыбленай інтэграцыі» з Расеяй, а таксама недапушчальнасць запуску АЭС у Астраўцы да выканання ўсіх міжнародных і грамадскіх рэкамендацый і ўсебаковай і празрыстай экспертызы праекта.

«Зялёныя» падкрэсліваюць, што Беларусь мае патрэбу пераходу на ўзнаўляльную энергетыку як грунт для энергетычнай і эканамічнай незалежнасці.

«Усе кандыдаты гатовыя падаць свае пляцоўкі моладзі, што хоча далучыцца да глабальных кліматычных акцый. Ва ўмовах, калі закон пра масавыя мерапрыемствы робіць падобныя дзеянні фактычна немагчымымі, мы лічым важным забяспечыць легальныя і бяспечныя пляцоўкі для выказвання моладдзю сваіх пазіцый, – падкрэсліваецца ў заяве партыі. – Мы таксама гатовыя падаць свае пляцоўкі актывістам кампаніі ў падтрымку незалежнасці Беларусі (пры адсутнасці супярэчнасцяў з каштоўнасцямі Зялёных)».

аев/вс