Беларуская Служба

Карту паляка атрымалі больш за 130 тысяч беларусаў

08.10.2019 13:24
Анджэй Пачобут: Карта паляка – гэта істотны жэст падтрымкі польскай нацыянальнай меншасці ў Беларусі.
 .
Сцяг Польшчы.Photo:tomekwalecki/pixabay.com/CC0 Public Domain

Каля 6 тысяч картаў паляка штогод выдае консульства Рэспублікі Польшча ў Гродне – такія дадзеныя прывёў консул Анджэй Рачкоўскі падчас дэбатаў пад назвай „Польская брама на Ўсход – усходняя палітыка, справы консульскія і датычныя польскай меншасці”, якія прайшлі ва ўправе Падляшскага ваяводства ў Беластоку, паведамляе „Радыё Рацыя”.

„Я вам крыху па-іншаму распавяду наконт карты палякаў. „Польская брама на Ўсход” дае добрую магчымасць для палякаў на Гродзеншчыне, каб яны перамяшчаліся на Захад. Мае стратэгічнае значэнне і для выезду маладых людзей. Думаем, што Польшча стала тым моднай і прыцягальнай краінай, куды частка маладых людзей намагаецца выехаць. І карта паляка дапамагае ім тут знайсці першапачатковую працу і атрымаць адукацыю”, - лічыць консул Анджэй Рачкоўскі.

Як адзначыў сябра непрызнаванага беларускімі ўладамі Саюза палякаў Анджэй Пачобут, карта паляка – гэта істотны жэст падтрымкі польскай нацыянальнай меншасці ў Беларусі.

„Калі б не тое, што здарылася з Саюзам палякаў, то тады б не прынялі дакумент. Гэта была як рэакцыя на тое, што адбывалася з польскай нацыянальнай меншасцю ў Беларусі. Улады трымаюцца свайго: яны абмяжоўваюць магчымасць навучання на польскай мове. Калісьці Аляксандр Лукашэнка сказаў, што вось ён пацісне руку апошняму прадпрымальніку. Цяпер, я бачу, што ён мог бы сказаць, што ён хоча паціснуць руку апошняму паляку. Але, я думаю, што гэта таксама ў яго не атрымаецца”, - кажа дзеяч СПБ.

Усяго, па словах консула Анджэя Рачкоўскага, ужо больш за 130 тысяч беларускіх грамадзянаў атрымалі карту паляка – і каля 65 тысяч з іх выдадзена з 2008 года толькі на Гродзеншчыне.

аз