Юрый Гараўскі, які называе сябе былым байцом беларускага спецыяльнага атраду хуткага рэагавання (САХР), у эксклюзіўным інтэрв’ю «Нямецкай хвалі» распавёў, як былі выкрадзеныя і забітыя апазіцыйныя палітыкі, якія дамагаліся адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі.
Вясной і восенню 1999 года ў Мінску зніклі экс-кіраўнік МУС Юрый Захаранка, экс-кіраўнік Цэнтрвыбаркама Беларусі Віктар Ганчар і бізнесмен Анатоль Красоўскі, які падтрымліваў апазіцыю.
Гараўскі сцвярджае, што іх выкралі і забілі байцы САХР унутраных войск МУС Беларусі. У іх ліку быў і сам Юры Гараўскі. Паводле яго слоў, загад аб затрыманні байцам аддаваў стваральнік САХРу падпалкоўнік Дзмітрый Паўлічэнка. Ён жа, як заяўляе Гараўскі, і застрэліў палітыкаў і бізнесмена.
Былы баец перакананы, што аб гэтых забойствах ведалі вышэйшыя службовыя асобы Беларусі: тагачасныя кіраўнік МУС Юрый Сівакоў і сакратар Савета бяспекі Віктар Шэйман. Гараўскі лічыць, што ў курсе быў і Лукашэнка, але сцвярджаць гэта не бярэцца.
«Усе загады аддаваліся ў вуснай форме. Ніякіх пісьмовых пацверджанняў, відэазапісаў, пратаколаў – нічога такога няма», – кажа Гараўскі.
паводлеРадыё «Рацыя»/вс