Дзявятага траўня, падчас святкавання ў Беларусі Дня перамогі, адбываюцца кропкавыя затрыманні грамадзян. Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу.
Мінск:
На плошчы Перамогі затрымалі актывістку Галіну Лагацкую. Цяпер яна ў Першамайскім РУУС. За што, невядома, але хутчэй за ўсё — гэта прэвентыўнае затрыманне, паведамляе тэлеграм-канал "Белсату".
Чытачы TUT.BY паведамілі пра затрыманне каля Плошчы перамогі хлопца і дзяўчыны. У пары быў букет чырвона-цытрынавых гваздзікоў, перавязаны чырвона-белымі стужкамі.
Докшыцы:
У Докшыцах на плошчы Івана Палявога затрымалі чалавека з біноклем, які стаяў воддаль, калі там адбывалася цырымонія ўскладання кветак, паведамілі "Нашай Ніве".
Віцебск:
Паведамляецца пра затрыманне актывісткі Ангеліны Туравец і Руслана Яневіча на плошчы Перамогі.
Бабруйск:
Раніцай 9 траўня за прапаганду нацысцкай сімволікі затрыманы журналіст Уладзімір Рэпік, паведамляе тэлеграм-канал @vybory_smotri.
Ён паспеў звязацца з калегамі і паведаміў, што яму інкрымінуецца арт. 19.10 КаАП — «прапаганда або публічнае дэманстраванне, выраб, распаўсюджванне нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі». Уладзімір кажа, што падставай для затрымання стаў кароткі відэаролік, размешчаны на яго старонцы ў сацсетках. Па словах Уладзіміра, затрымліваў яго ўчастковы міліцыянт, зварот быў карэктным — дазволілі ўзяць неабходную вопратку, сродкі гігіены, медыкаменты, прадукты харчавання. Ператрус у кватэры не праводзіўся.
Ён таксама распавёў, што, са слоў участковага, суд адбудзецца 10 траўня.
Гомель:
У Гомелі пад час святкавання Дня перамогі ў прамым эфіры быў затрыманы блогер Юрый Ганцавіч.
нг