Актывістку «Еўрапейскай Беларусі» Паліну Шарэнду-Панасюк адправілі ў ШІЗА на 10 сутак, пра гэта ў Фэйсбуку напісаў яе муж Андрэй Шарэнда.
Такім чынам, піша Андрэй Шарэнда, адміністрацыя папраўчай калоніі №24 у Зарэччы вырашыла «павіншаваць Паліну з Новым годам».
«Паліна сустрэне Новы год у прамерзлым падвале на абітай жалезам драўлянай лаве замест ложка», – напісаў ён.
9 чэрвеня 2021 года Шарэнду-Панасюк прыгаварылі да 2 гадоў калоніі агульнага рэжыму, яе абвінавачвалі ў гвалце над міліцыянерам (артыкул 364 КК), абразе Лукашэнкі (артыкул 368 КК) і прадстаўніка ўлады (артыкул 369 КК). Пазней суд у Гомелі прызнаў яе вінаватай у злосным непадпарадкаванні адміністрацыі папраўчай установы (частка 1 артыкула 411 КК) і дадаў яшчэ год пазбаўлення волі да яе папярэдняга прысуду. А ў кастрычніку стала вядома, што Паліну змясцілі на шэсць месяцаў у ПКТ.
Медыязона/яс