Справа Анджэя Пачобута, суд над якім пачаўся ў панядзелак у Мінску, стала адным з галоўных інструментаў ціску рэжыму Лукашэнкі на Польшчу, заявіла Святлана Ціханоўская, якая ўдзельнічае ў штогадовым Сусветным эканамічным форуме ў Давосе.
«На жаль, апошнім часам мы сталі сведкамі хвалі рэпрэсій супраць польскай меншасці. Я са шкадаваннем бачу напады на польскія мемарыялы і рэпрэсіі супраць польскіх школаў у Беларусі», – сказала Ціханоўская. «Гэта дзеянні злачыннага беларускага рэжыму, а не беларускага насельніцтва», – падкрэсліла яна.
«Анджэй Пачобут – чалавек з годнасцю, які ніколі не здаецца. Ён адмовіўся дамаўляцца з дыктатарам, памілавання не прасіў(…) Нават у турме, ён свабодны. Ён не ідзе на кампрамісы з каштоўнасцямі, якіх прытрымліваецца», – дадала лідарка беларускай апазіцыі.
У панядзелак у Гродне пачаўся суд над сябрам кіраўніцтва, забароненага беларускімі ўладамі Саюза палякаў у Беларусі журналістам Анджэем Пачобутам, які знаходзіцца пад вартай з 25 сакавіка 2021 года.
Разам з Пачобутам былі арыштаваныя Анжаліка Борыс, Ірэна Бярнацкая і Марыя Цішкоўская з СПБ, а таксама берасцейская актывістка – Ганна Панішэва. Борыс была вызваленая з-пад варты ў сакавіку 2022 года, але яна дагэтуль знаходзіцца пад крымінальным працэсам і яе статус незразумелы. Паводле незалежных СМІ, яна можа знаходзіцца пад хатнім арыштам. Бярнацкай, Цішкоўскай і Панішэвай удалося пакінуць Беларусь летась дзякуючы намаганням польскіх уладаў. Аднак ім забаронена вяртацца ў Беларусь.
У аўторак у Мінску таксама пачаўся завочны суд над самой Ціханоўскай і яе паплечнікамі. Лідарку беларускай апазіцыі, якая ў 2020 годзе супернічала з Лукашэнкам на прэзідэнцкіх выбарах, улады абвінавачваюць, між іншым, у здрадзе дзяржаве.
PAP/аз