Беларуская Служба

Да 20 гадоў калоніі запрасілі фігурантам «справы Nexta»

21.04.2023 14:04
Паводле дзяржаўных СМІ, абвінавачаным інкрымінуецца здзяйсненне не менш за 1 586 злачынстваў.
, ,
Пратасевіч, Пуціла, Рудзікspring96.org

Мінскі абласны суд з 16 лютага разглядае крымінальную справу супраць стваральнікаў і рэдактараў праекта Nexta: Сцяпана Пуцілы, Яна Рудзіка і Рамана Пратасевіча. Іх абвінавачваюць па шэрагу крымінальных артыкулаў, а таксама да іх заяўлены пазоў на агульную суму больш за 30 мільёнаў рублёў, паведамляе ПЦ Вясна

Судовы працэс вядзе суддзя Вячаслаў Тулейка.

У дачыненні да Пуцілы і Рудзіка праведзена «спецыяльная вытворчасць». Пратасевіч застаецца пад хатнім арыштам – ён адзіны з абвінавачаных, хто фактычна ўдзельнічае ў судовым працэсе. Пуціла і Рудзік знаходзяцца не ў Беларусі. Раней КДБ унёс Пуцілу і Пратасевіча ў «тэрарыстычны спіс», а Nexta у Беларусі з'яўляецца «тэрарыстычнай арганізацыяй».

Паводле дзяржаўных СМІ, абвінавачаным інкрымінуецца здзяйсненне не менш за 1 586 злачынстваў.

Сёння ў судзе перайшлі да спрэчак бакоў. Пракурорка Сакалова запрасіла для Пуцілы 20 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, для Рудзіка – 19 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, а для Пратасевіча – 10 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Паводле пракуроркі, Пратасевіч «выканаў умовы дамовы пра супрацу, таму ён атрымае менш чым мог бы».

яс