Беларуская Служба

Сёння Радаўніца – дзень, калі наведваюць магілы

25.04.2023 08:49
Радаўніца адзначаецца праз тыдзень пасля праваслаўнага Вялікадня, заўжды ў аўторак.
Могілкіradyjo.net/Яраслаў Іванюк

У Беларусі Радаўніца з'яўляецца афіцыйным выхадным днём: ні ў Расіі, ні ва Украіне гэтага няма.

Сама назва Радаўніца (Радуніца, Раданіца) вельмі архаічная. Няма адзінага меркавання пра яе паходжанне.

Яго этымалогію выводзяць ад «радавацца» або «род». У хрысціянскі час Радаўніца стала «Вялікаднем памерлых»: святам, прасякнутым надзеяй на ўваскрашэнне і вечнае жыццё.

Мовазнаўцы выводзяць таксама слова «радаўніца» ад літоўскага raudá «плач з галашэннем» і raudìnė «малітва з плачам і галашэннем». Гэта падобна да славянскага «рыданне».

Ад пачатку Радаўніца была традыцыяй паганскай, але пазней была прынятая Праваслаўнай царквой і адаптаваная пад яе каляндар.

Радаўніца адзначаецца праз тыдзень пасля праваслаўнага Вялікадня, заўжды ў аўторак. Традыцыі правядзення гэтага дня розняцца ў залежнасці ад мясцовасці.

Недзе спачатку людзі ідуць памінаць блізкіх у царкву, а потым на могілкі, недзе абыходзяцца без царквы. Недзе ў гэты дзень дапускаецца працаваць, недзе не.

Адрозніваюцца і традыцыі памінальных пачастункаў. Недзе ўсё абыходзіцца сціплым велікодным яйкам, пакінутым «для спачылых», а недзе на могілках накрываюць цэлыя багатыя сталы. Хоць Царква ў цэлым гэтага не ўхваляе, лічачы, што памерлым патрэбная толькі малітва і памяць пра іх.

Паводле «Наша Ніва»/яс