У сакавіку мінулага года яго асудзілі на 5 гадоў калоніі за нібыта «рэабілітацыю нацызму» і здзек з дзяржаўных сімвалаў. Як «рэабілітацыю нацызму» інтэрпрэтавалі намаляванне партрэта антысавецкага партызана.
«Сёння ноччу ў рэанімацыі пры нявысветленых абставінах памёр Алесь Пушкін», — паведаміла ў фэйсбуку яго жонка Яніна. Інфармацыю пра смерць пацвердзілі ў гродзенскай турме «Медиазоне». «Нашай Ніве» ў турме паведамілі, што Пушкін знаходзіўся ў бальніцы хуткай медычнай дапамогі.
Мастака спачатку затрымалі 30 сакавіка 2021 года па справе аб нібыта рэабілітацыі нацызму: на выставе ў Гродне быў партрэт антысавецкага партызана Аўгена Жыхара. Прычым на момант завядзення справы мастак быў у Кіеве, але спецыяльна вярнуўся ў Беларусь, калі справу завялі. Яго затрымалі праз пяць дзён у Жылічах, дзе ён працаваў на рэстараўцыі палаца.
Пушкіна абвінавацілі паводле ч. 3 арт. 130 КК (рэабілітацыя нацызму), а таксама паводле арт. 370 КК (здзек з дзяржаўных сімвалаў).
25 сакавіка 2022 года Алесь падчас судовага працэсу парэзаў сабе жывот на знак пратэсту. За гэта яго на 13 сутак змясцілі ў карцар.
30 сакавіка 2022 года Алеся Пушкіна асудзілі да 5 гадоў зняволення ў калоніі строгага рэжыму. Адміністрацыя калоніі №22 у жніўні пакарала яго пяццю месяцамі ў ПКТ. А вясной гэтага года яго перавялі ў гродзенскую турму. Алесю Пушкіну было 57 гадоў.
эж