11 ліпеня праваабаронцы «Вясны» са спасылкай на жонку палітзняволенага Алеся Пушкіна паведамілі пра смерць мастака ў лякарні Гродна. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, 57-гадовы Алесь Пушкін знаходзіўся ў бальніцы хуткай медычнай дапамогі пад аховай міліцэйскага канвою, дзе яго даставілі непрытомнага. Яму рабілі аперацыю. Падчас яе сэрца Алеся Пушкіна спынілася.
Алесь Пушкін – вядомы беларускі мастак, асуджаны да 5 гадоў зняволення ў калоніі строгага рэжыму. За кратамі ён быў з сакавіка 2021 года. Яго абвінавацілі ў здзеку з дзяржаўных сімвалаў (арт. 370 КК) і ў распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці ці звады (ч. 3 арт. 130 КК). Падставай для яго затрымання і асуджэння стала выстава яго твораў, на якой былі прадстаўленыя дзеячы беларускага антысавецкага руху.
Падчас закрытага працэсу Алесь Пушкін парэзаў сабе жывот на знак пратэсту.
Пакаранне ён адбываў у Івацэвіцкай калоніі «Воўчыя норы», дзе яго моцна прэсавалі, у тым ліку за беларускую мову. 22 лістапада 2022 года палітвязня перавялі ў гродзенскую турму № 1 на строгі рэжым. У гэтай турме ён і знаходзіўся да смерці.
Алесь Пушкін быў не толькі мастаком, перформерам, але і сертыфікаваным спецыялістам па рэстаўрацыі. Ён аднаўляў і распісваў шмат гістарычных аб’ектаў, касцёлаў і цэркваў у Беларусі. У тым ліку ён удзельнічаў у аднаўленні палаца ў Жылічах.
Палякам ён запомніўся, між іншым, перформансам у Варшаве, падчас якога сядзеў за сталом, прывязаны да крэсла і спрабаваў вызваліцца. Калі нарэшце нехта з публікі не вытрымаў і дапамог Пушкіну, той падзякаваў і запытаўся, чаму прысутныя сярод публікі беларусы яго не вызвалілі.
У сваю чаргу падчас аднаго з хэпенінгаў у Беларусі ў 1999 годзе мастак падкаціў тачку з гноем да будынку адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі і выкінуў змесціва ля ўваходу.
аз