Беларуская Служба

У Беларусі канфіскавалі 10 тысяч еўра за няправільны крок на мяжы

06.11.2023 15:23
Мужчына зайшоў у «зялёны калідор» толькі на 1 метр і спытаў, як задэклараваць грашовыя сродкі. На яго склалі пратакол за  «Недэклараванне звестак аб грашовых сродках». 
КПП Каменны ЛогGPK.gov.by

Гродзенскі абласны суд 27 кастрычніка адхіліў скаргу на рашэнне суду Кастрычніцкага раёну Гродна, які пастанавіў: паколькі мужчына зайшоў у «зялёны калідор» на мяжы нават на 1 метр з буйной сумай грошай, палову той сумы трэба адабраць.

На рашэнне больш як тыднёвай даўніны 6 лістапада звярнулі ўвагу беларускія медыі.

Мужчына, імя якога не называецца (вядома, што народжаны ў Расіі), ехаў з Літвы ў Беларусь на ровары і меў пры сабе 19 562 еўра і 355 беларускіх рублёў, а таксама манеты сумарна на 5,3 еўра.

Паводле мужчыны, пасля праходжання пашпартнага кантролю ён падышоў да супрацоўніка мытні і спытаў, як задэклараваць грашовыя сродкі. Але перасёк «зялёны калідор» (куды можна з сумамі грошай, не большымі за эквівалент 10 тысяч долараў).

Хоць мужчына зайшоў у «зялёны калідор» толькі на 1 метр, на яго склалі пратакол паводле ч.2 арт. 15.5 КаАП РБ («Недэклараванне звестак аб грашовых сродках»), паводле якой незадэклараваную частку сумы можна (але не абавязкова трэба) канфіскаваць.

Падсудны заяўляў, што не ведаў, што ўжо трапіў у «зялёны калідор». Суды вырашылі, што раз ён раней неаднаразова перасякаў мяжу, то мусіў ведаць правілы, а раз зайшоў за лінію «зялёнага калідору», то гэтым заявіў аб адсутнасці тавараў, якія належыць дэклараваць.

Мужчына мае пяць непаўналетніх дзяцей, адзін з якіх мае інваліднасць, а грошы вёз на будаўніцтва дому.

«Судовае разбіральніцтва праведзена поўна, аб’ектыўна і ўсебакова, доказам дадзеная належная ацэнка, высновы суддзі матываваны і адпавядаюць фактычным абставінам справы, а довады скаргі неабгрунтаваныя», – пастанавіў абласны суд.

Такім чынам, у мужчыны вырашылі канфіскаваць 10 349,67 еўра і накласці штраф у 185 рублёў.

яс/Белсат