Беларуская Служба

З 1 снежня ў Беларусь забароняць увозіць прадукцыю з Латвіі

06.11.2023 17:05
Забарона будзе прымяняцца і на прадукцыю з Польшчы і Літвы.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneShutterstock

Некаторыя віды прадукцыі, зробленай у Латвіі, можна будзе ўвозіць у Беларусь да 1 снежня 2023 году.

Гэта вынікае з адпаведнай пастановы ўраду, апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі.

У прыватнасці, у дакуменце адзначаецца, што спецыяльныя меры, уведзеныя дадаткова для харчовай, трыкатажнай, цэлюлознай і будаўнічай прадукцыі, зробленых у Латвіі, не распаўсюджваюцца на тавары, увезеныя да 1 снежня 2023 году.

Забарона на рэалізацыю прадукцыі на тэрыторыі Беларусі таксама не будзе пашырацца на тыя тавары, якія паспелі ўвезці з Літвы і Польшчы да 1 ліпеня 2023 году.

Адначасова ўрад абавязаў дадаткова Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, Беларускі канцэрн лясной дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці, а таксама канцэрн па вытворчасці тавараў лёгкай прамысловасці «забяспечыць насычэнне ўнутранага рынку асартыментам харчовай і нехарчовай прадукцыі вытворчасці Рэспублікі Беларусь».

Пад забарону падпадаюць, у тым ліку, кава, джэмы, фруктовыя жэле, мармелад, садавіна, арэхі, сокі, воды, піва, моцныя спіртныя, калготы, панчохі, гольфы, а таксама папера, кардон, цэгла, камень і аналагічныя вырабы з керамікі.

«Пашырэнне пераліку – мера ў адказ на рашэнне Латвіі аб закрыцці аўтамабільнага пункту пропуску «Сіленэ« на мяжы з Беларуссю», – адзначалася ў паведамленні прэсавай службы Савета Міністраў Беларусі.

Перад гэтым урад Беларусі падоўжыў да 31 снежня 2024 году забарону, уведзеную ў 2021 годзе на ўвоз шэрагу прадукцыі замежных кампаній, дзеля абароны нацыянальных інтарэсаў і з улікам «недружалюбных дзеянняў у дачыненні да беларускага народу».

яс/Радыё Свабода