Наталля Пінчук, жонка зняволенага беларускага праваабаронцы, лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага, выступіла з прамовай на Сусветным форуме за дэмакратыю, які праходзіць з 6 па 8 лістапада ў Страсбуры (Францыя). Тэма сёлетняга Форуму – «Дэмакратыя = мір?».
Пінчук паведаміла, што яе мужа Алеся Бяляцкага за ўяўныя правіны змясцілі ў адзіночную камеру.
«Лукашэнкаўскае Міністэрства ўнутраных справаў абвясціла створаны Алесем Праваабарончы цэнтр «Вясна« і яго інфармацыйныя рэсурсы «экстрэмісцкім фармаваннем«. Гэта значыць, што дыктатар лічыць «экстрэмізмам« абарону правоў чалавека. Сёння дамагацца безумоўнай свабоды для Алеся Бяляцкага, для ўсіх беларускіх палітычных вязняў, дамагацца свабоды для Беларусі – гэта значыць адстойваць мірную будучыню Беларусі. І Украіны, і нашага рэгіёну, а значыць, і свету ў цэлым. Свабода – гэта мір», – заявіла Наталля Пінчук.
У сваёй прамове Пінчук зазначыла, што Беларусь – не Расія, і заявіла, што беларускі народ не хоча быць часткай Расійскай імперыі і ваяваць за яе.
«Гэта галоўная прычына, чаму Лукашэнка не асмеліўся адправіць беларускае войска на тэрыторыю Украіны», – сказала Наталля Пінчук.
«29 гадоў дыктатура Лукашэнкі знішчае свабоду беларусаў і самую беларускую ідэнтычнасць, з 2020 году гэтае знішчэнне набыло выразныя рысы вайны з беларускім народам», падкрэсліла Наталля Пінчук.
яс/Радыё Свабода