Пра гэта гаворыцца ў свежым аглядзе інфляцыі ад даследчага цэнтру BEROC, піша Белсат.
У аглядзе адзначаецца, што гадавая інфляцыя ў верасні ў Беларусі абнавіла гістарычны мінімум на ўзроўні 2% год да года, а аналізаваны квартальны прырост спажывецкіх коштаў (з устараненнем сезоннасці) заставаўся нізкім – 5,3 % квартал да квартала ў ліпені–верасні 2023 года.
«Татальны цэнавы кантроль працягваў перашкаджаць трансфармацыі павялічанага інфляцыйнага ціску з боку ўнутранага попыту і заработных платаў у фактычны рост коштаў», – гаворыцца ў аглядзе.
На думку эканамістаў, ва ўмовах перагрэву эканомікі і ўзмацнення вонкавага цэнавага ціску інфляцыя ў Беларусі паскорыцца ў чацвёртым квартале – да 5–6 % год да года на канец 2023 года.
Таксама ў BEROC чакаюць, што эфекты залішне стымуляцыйнай унутранай эканамічнай палітыкі павялічацца ў 2024 годзе. Яны прагназуюць гадавую інфляцыю ў памеры 8–10% па выніках 2024 года.
Эканаміст Віталь Алейнік у каментары «Белсату» адзначыў, што «ціск на інфляцыю варта чакаць менавіта з Расіі, адкуль цяпер ідзе такі разбалансаваны імпарт прадуктаў, які ўваходзіць у спажывецкі кошык беларусаў».
ав/Белсат