Беларуская Служба

BYPOL: Запчасткі для самалётаў «Белавія» вязуць кантрабандай і без дакументаў

09.11.2023 08:18
Авіякампанія «Белавія» трапіла пад міжнародныя санкцыі летам 2021 года пасля інцыдэнту з самалётам Ryanair. 
Boeing 737-800
Boeing 737-800 авіякампаніі «Белавія»фота: авіякампанія «Белавія»

Запчасткі для лайнераў беларускай нацыянальнай авіякампаніі «Белавія» здымаюць з самалётаў, якія цяпер не лятаюць, альбо заказваюць з трэціх краін. Прычым запчасткі пастаўляюцца без неабходных суправаджальных дакументаў, паведамляе аб'яднанне былых беларускіх сілавікоў BYPOL.

У арганізацыі зазначылі, што запасныя часткі вырабляюцца на несертыфікаваных прадпрыемствах і трапляюць у Беларусь кантрабандным чынам.

«Раней на кожную новую запчастку, якая прыходзіла, быў адразу пашпарт. Цяпер здараюцца выпадкі, калі запчастку вязуць проста ў нейкай скрынцы без дакументаў. Ніхто не ведае, ці легальна яна была набытая і хто зʼяўляецца пастаўшчыком», – паведаміў прадстаўнік BYPOL Аляксандр Азараў.

Ён таксама зазначыў, што калі за мяжой здараецца тэхнічная няспраўнасць у самалёце «Белавія», то начальства аказвае ціск на пілотаў і патрабуе вяртацца ў Беларусь для рамонту. Азараў таксама паведаміў, што калі пілот адмаўляецца вяртацца дадому пры выяўленні няспраўнасці, то яго штрафуюць альбо нават звальняюць па надуманай прычыне.

Авіякампанія «Белавія» трапіла пад міжнародныя санкцыі летам 2021 года пасля інцыдэнту з самалётам Ryanair. Тады беларускі рэжым прымусова пасадзіў лайнер, на борце якога знаходзіўся Раман Пратасевіч, выкарыстоўваючы тэрарыстычныя метады.
У канцы мінулага года «Белавія» была адключаная ад міжнародных сістэм узаемаразлікаў для пасажырскіх і грузавых авіяперавозак.

вс