Кірыла Кятурка знайшлі мёртвым 20 кастрычніка ў камеры следчага ізалятара ў Варшаве. Папярэдняя версія следства – суіцыд. Але ў самагубства былога палітвязня з Беларусі вераць не ўсе, паведамляе MOST.
Пасля ўцёкаў з Беларусі Кірыл жыў у Варшаве. У кастрычніку 2023 года ён знік і перастаў адказваць на паведамленні ў Тэлеграм.
Першым біць трывогу стаў яго прыяцель: «Апошні раз Кірыл быў анлайн 10 кастрычніка. Ніхто не ведаў, дзе ён. І толькі праз 11 дзён ягонай сям'і патэлефанавалі з беларускай амбасады ў Варшаве і паведамілі, што Кірылу знайшлі павешаным у польскай турме. Канешне, усе былі ў шоку і не разумелі, як ён апынуўся ў турме і тым больш павешаным».
Па інфармацыі MOST, Кірылу затрымалі ў Варшаве 10 кастрычніка за махлярства ў інтэрнэце. Крыніца рэдакцыі паведаміла, што былы палітвязень звязаўся з групай ашуканцаў, якая, хутчэй за ўсё, займалася крадзяжом грашовых сродкаў з банкаўскіх рахункаў.
У канцы кастрычніка цела Кірыла перавезлі ў Беларусь. Яго пахавалі ў родным горадзе Гродна.
На момант смерці Кірылу было 19 год. У 2022 годзе ў Беларусі ён быў асуджаны за пратэсты 2020 года. Па хлопца прыйшлі, калі яму споўнілася 18 гадоў. Спачатку яго тры месяцы ўтрымлівалі ў гарадзенскім СІЗА, а пасля асудзілі на два з паловай гады «хатняй хіміі». Амаль праз год Кірылу хацелі зрабіць больш жорсткім рэжым і перавесці яго ў калонію, але ён паспеў пакінуць Беларусь увесну 2023 года.
яс/Новы час