Беларуская Служба

Беларускія журналісты выйгралі справу супраць Беларусі ў ААН

27.11.2023 17:38
Камітэт ААН па правах чалавека разгледзеў звароты чатырох беларускіх журналістаў і прызнаў Беларусь вінаватай у парушэнні іх правоў на законнае права збіраць і распаўсюджваць інфармацыю, замацаванае артыкулам 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Аўдыё

У Камітэт ААН па правах чалавека праз сваіх прававых адвакатаў колькі часу таму звярталіся Таццяна Смоткіна, Зміцер Лупач (праваабаронца Павел Левінаў), Тамара Шчапёткіна і Ларыса Шчыракова (праваабаронца Леанід Судаленка).

Сутнасць іх скаргі палягала ў тым, што Беларусь парушыла правы журналістаў на свабоду выказвання думкі. Краіна прыцягнула гэтых журналістаў да адказнасці і наклала на ўсіх адміністрацыйныя штрафы быццам  за распаўсюджванне прадукцыі СМІ без адпаведнай акрэдытацыі.

14 сакавіка 2023 года Камітэт разгледзеў іх скаргі па сутнасці.

У Камітэце адзначылі, што частка трэцяя артыкула 19 Пакта дазваляе абмежаванні свабоды выказвання меркаванняў, у тым ліку свабоды выказвання і распаўсюджваць інфармацыю і ідэі толькі ў той ступені, у якой гэта прадугледжана законам, і толькі калі яны неабходныя для павагі правоў і рэпутацыі іншых асобаў; або  для абароны нацыянальнай бяспекі або грамадскага парадку, або здароўя і маральнасці насельніцтва.

Любое абмежаванне свабоды выказвання меркаванняў не павінна насіць празмерны характар, гэта значыць павінна быць найменш навязлівым сярод мер, якія могуць дасягнуць адпаведнай абароны функцыі і  прапарцыянальным інтарэсам, якія трэба абараняць.

Камітэт прапанаваў Беларусі прадэманстраваць, што абмежаванні правоў журналістаў  у адпаведнасці з артыкулам 19 Пакта былі неабходнымі і прапарцыянальнымі. На што атрымаў адказ ад уладаў Беларусі, што ўсе журналісты быццам бы парушылі ўнутрыбеларускі Закон аб СМІ і працавалі без акрэдытацыі.

Камітэт звярнуў увагу на тое, што ў дадзеным выпадку да аўтараў былі прымененыя адміністрацыйныя пакаранні: буйныя штрафы на падставе Закона аб СМІ, які цягне за сабой забарону ажыццяўляць журналісцкую дзейнасць у Беларусі з далейшай публікацыяй у замежных СМІ без акрэдытацыі ў якасці прадстаўніка замежных СМІ.

У гэтай сувязі Камітэт па правах чалавека звяртае ўвагу на артыкул 34 Канстытуцыі Беларусі аб свабодзе меркаванняў і іх выказвання, дзе Камітэт прама сцвярджае, што агульныя дзяржаўныя сістэмы рэгістрацыі або ліцэнзавання журналістаў несумяшчальныя з часткай 3 артыкула 19 Пакта.

Абмежаваныя схемы акрэдытацыі дапушчальныя толькі пры неабходнасці прадастаўлення журналістам прывілеяванага доступу да пэўных падзей.

Разгледзеўшы справу, камітэт прызнаў, што Беларусь парушыла законныя правы журналістаў на збор і распаўсюд інфармацыі, замацаваныя ў артыкуле 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Цяпер улады краіны павінны кампенсаваць ім прызначаныя штрафы і іншыя судовыя выдаткі, а таксама перагледзець закон аб СМІ у адпаведнасці з патрабаваннямі 19-га артыкула Міжнароднага пакта. 

Камітэт па правах чалавека спадзяецца атрымаць ад Беларусі на працягу 180 дзён інфармацыю аб прынятых мерах.

Варта адзначыць, што журналістка Ларыса Шчыракова абвінавачаная з тым, што «са жніўня 2020 года па снежань 2022 года, выкарыстоўваючы напружаную грамадскую сітуацыю і імкнучыся дэстабілізаваць абстаноўку ў краіне, праз розныя месенджары і ўліковыя запісы ў сацсетках прадаставіла для размяшчэння і размясціла ў сетцы Інтэрнэт, у тым ліку на дэструктыўных рэсурсах, інфармацыйныя матэрыялы з загадзя ілжывымі звесткамі, якія дыскрэдытавалі Рэспубліку Беларусь». Яна ж, паводле пракуратуры, «ажыццяўляла збор, стварэнне, апрацоўку, захоўванне і перадачу аўдыя-, відэа-, фота- і тэкставай інфармацыі, для далейшага выкарыстання ў мэтах забеспячэння экстрэмісцкай дзейнасці інфармацыйнага рэсурсу «Вясна» і экстрэмісцкага фармавання «Белсат»».

Справу журналісткі разбіралі на закрытым судовым пасяджэнні у Гомельскім абласным судзе. 31 жніўня 2023 года суддзя Мікалай Доля прызнаў Ларысу Шчыракову вінаватай паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці) і арт. 369-1 Крымінальнага кодэкса (Дыскрэдытацыя Беларусі). Ларысу асудзілі да трох з паловай гадоў пазбаўлення волі і штрафу памерам 100 велічынь. Таксама, згодна з выракам суда, у яе часткова канфіскаваная маёмасць.

Паводле baj.media/вх

Палітзняволеную Ларысу Шчыракову перавялі ў гомельскую калонію

01.10.2023 09:42
Як стала вядома «Гомельскай Вясне», журналістка і краязнаўца ўжо пачала адбываць тэрмін у жаночай калоніі № 4.

Гомельскаму журналісту Андрэю Толчыну ставяць у віну ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні

27.11.2023 12:29
Крымінальную справу супраць былога відэааператара-фрылансера Андрэя Толчына перадалі ў пракуратуру для вывучэння і накіравання ў суд.