Беларуская Служба

Стала вядома аб смерці ў Беларусі яшчэ адной грамадзянкі Украіны, якую сілай вывезлі з-пад Кіева

04.01.2024 14:05
Яна памерла ў доме-інтэрнаце для састарэлых у Беларусі праз тры месяцы пасля прымусовай дэпартацыі расійскімі вайскоўцамі з Кіеўскай вобласці.
 .
Ілюстрацыйны здымак.Фота: Pixabay.com/maggyona

Украінку, якой было 96 гадоў, расіяне прымусова вывезлі ў Беларусь у сакавіку 2022 году з горада Барадзянка Бучанскага раёну Кіеўскай вобласці.

Як стала вядома Свабодзе, у Беларусі яе перавезлі ў горад Ветка Гомельскай вобласці і перадалі ў дом-інтэрнат для састарэлых. У чэрвені 2022 году ў выніку сардэчнай недастатковасці яна памерла, і яе пахавалі на могілках у Ветцы. Ва Украіне ў яе застаўся толькі ўнук.

У снежні 2023 году стала вядома аб смерці ў Беларусі 15-гадовай Арыны Яцюк, параненай расійскімі салдатамі ў сакавіку 2022 году пад Кіевам пры спробе эвакуявацца. Яе цела знайшлі ў моргу Мазыра Гомельскай вобласці. Увесь гэты час сваякі шукалі яе ў некалькіх краінах, у тым ліку ў Беларусі. Дзяўчынку апазналі па ДНК пасля таго, як цела перадалі ва Украіну ў парадку абмену.

Расійскія войскі 24 лютага 2022 году ўварваліся ў Чарнігаўскую і Кіеўскую вобласць Украіны з тэрыторыі Беларусі. Праваахоўныя органы Украіны па выніках расейскай акупацыі часткі Кіеўскай вобласці, якая працягвалася з 24 лютага да 31 сакавіка 2022 году, завялі 11 433 крымінальныя справы на расійскіх вайскоўцаў за ваенныя злачынствы, а таксама на ўкраінскіх калабарантаў.

Буча, Барадзянка і Ірпень Кіеўскай вобласці сталі сімваламі жорсткасці расійскіх вайскоўцаў у адносінах цывільнага насельніцтва.

нг