Беларуская Служба

Чарговая IT-кампанія сыходзіць з Беларусі. Супрацоўнікаў звальняюць

15.01.2024 16:45
Мабільны распрацоўшчык Apalon на працягу лютага-сакавіка звольніць усю беларускую каманду (100+ чалавек), офіс у Мінску зачыняць.
Аўдыё

Гэта адбудзецца ў сувязі з продажам прадуктаў Mosaic Group – мацярынскай кампаніі Apalon. Яе інтэлектуальная ўласнасць стала прадметам угоды, пры гэтым каманда – не, піша Devby.io.

Амерыканская карпарацыя IAC прадае італьянскай Bending Spoons інтэлектуальную ўласнасць, дадаткі і інструменты, створаныя камандай Mosaic Group. Пасля завяршэння ўгоды 330 супрацоўнікаў Mosaic Group застануцца без працы.

Mosaic базуецца ў Нью-Ёрку. Яна была створана пасля паглынання карпарацыяй IAC беларускага мабільнага распрацоўніка Apalon у 2014 годзе. У яе партфоліа таксама ўваходзяць сэрвіс для рэдагавання дакументаў PDF Hero і блакавальнік спам-званкоў RoboKiller.

Што будзе з мінскім офісам

Аб звальненнях супрацоўнікам Apalon паведамілі 10 студзеня на агульным сазвоне, а таксама ў агульнай рассылцы.

– У Mosaic купілі толькі прадукты, усе 330 чалавек ва ўсіх лакацыях, у тым ліку ў Мінску, з канца лютага/пачатку сакавіка застаюцца без працы. Мінскі офіс, як і ўсе астатнія, зачыняюцца. Цяпер асобна з кожным супрацоўнікам праводзяць сустрэчы ў фармаце сам-насам, дзе абмяркоўваюць апошні дзень працы, выплаты і г.д, – распавёў devby адзін з супрацоўнікаў.

Па словах яшчэ аднаго супрацоўніка, у большасці спецыялістаў Apalon апошні працоўны дзень – 16 лютага. Частка людзей застанецца яшчэ на паўмесяца «для перадачы ведаў пакупніку».

У LinkedIn ёсць профілі больш 30 спецыялістаў Apalon, якія знаходзяцца ў пошуку новай працы.

Паводле інфармацыі Bloomberg, супрацоўнікі Mosaic, якія страцілі працу, атрымаюць выхадную дапамогу мінімум за 4 месяцы і бонус за 2023 год. Адзін з супрацоўнікаў Apalon пацвердзіў, што ўсім звольненым «выплацяць некалькі заробкаў, а таксама пакінуць працоўныя ноўтбукі».

Хто будзе займацца падтрымкай прадуктаў Apalon (калі будзе), невядома.

Хто яшчэ з вядомых мабільных распрацоўшчыкаў сышоў з Беларусі за апошні год

Playgendary

Міжнародны распрацоўшчык і выдавец мабільных гульняў са штаб-кватэрай на Кіпры. На сёння агульная колькасць загрузак гульняў перавышае 3 мільярды. Штомесячная аўдыторыя – 250+ мільёнаў актыўных карыстальнікаў. У камандзе 300 чалавек. У Беларусі восенню 2021 года працавала каля 120 чалавек, пасля 24.02.21 г. штат скараціўся ў 3 разы літаральна за некалькі месяцаў.

Verv

Кампанія стварае мабільныя прыкладанні ў катэгорыі Health and Fitness. devby.io   рэгулярна ўключаў Verv у топ-10 паблішэраў з беларускімі каранямі па памеры выручкі. У мінскім офісе Verv працавала каля 100 чалавек. Цяпер большасць супрацоўнікаў у Польшчы.

Akveo

Займаецца распрацоўкай уласных праграмных прадуктаў для вэба і мабільных рашэнняў (ngx-admin, Kitten Tricks і іншыя). Прадукты прымяняюцца ў аўтамабільнай, турыстычнай, банкаўскай, медыцынскай, тэлекамунікацыйнай і адукацыйнай галінах.

TangoMe

Амерыканская кампанія, развівае прыкладанне для анлайн-трансляцый Tango Live. Гэта адна з вядучых платформаў для анлайн-трансляцый па ўсім свеце. Гадавы абарот ацэньваецца ў 400 мільёнаў долараў.

вх