Быкаў узняў беларускую літаратуру на сусветны ўзровень і быў у першым шэрагу змагання за аднаўленне незалежнасці Беларусі, за нацыянальнае Адраджэнне. Ён не баяўся казаць праўду ў твар дыктатару і апошнія гады жыцця мусіў правесці на чужыне, піша Рада БНР.
Яна падкрэслівае, што да гэтага часу ў сталіцы Беларусі, нягледзячы на шматгадовыя патрабаванні грамадскасці, няма ні вуліцы Васіля Быкава, ні помніка выбітнаму пісьменніку. Спыненыя і «быкаўскія дні» на ягонай малой радзіме, на Вушаччыне, якія штогод збіралі аматараў прыгожага пісьменства. Пры сапраўды беларускай уладзе юбілей пісьменніка быў бы агульнанацыянальнай падзеяй, аднак цяперашні прамаскоўскі рэжым насаджае чужынскія святы, звязаныя з самымі чорнымі, сталінскімі, старонкамі гісторыі, культывуе дзеячоў, якія знішчалі нацыянальную ідэнтычнасць, імкнуліся перарабіць беларусаў у рабоў Масквы.
Рада БНР выступае ініцыятарам шырокага адзначэння быкаўскага юбілею і заклікае беларусаў і на Бацькаўшчыне, і ў замежжы ўшанаваць памяць нашага вялікага суайчынніка ды прадэманстраваць нашую еднасць у абароне нацыянальных каштоўнасцяў.
«Беларусь адродзіцца, калі не скарыцца чужой сіле» – сказаў калісьці Быкаў. І сёння мы маем і нагоду, і абавязак прадэманстраваць усяму свету «імя і сілу беларуса», увасобленую і ў постаці вялікага пісьменніка, і ў асобах лепшых дачок і сыноў Беларусі, якія змагаюцца за яе свабоду», – піша Рада БНР.
На фота: Івонка Сурвіла і Васіль Быкаў, сакавік 2003, Прага