Беларуская Служба

Суд прызнаў памерлага 9 гадоў таму Уладзіміра Катрука вінаватым у генацыдзе беларускага народа

18.03.2024 12:30
Імя Уладзіміра Катрука называецца ў ліку тых, хто мае дачыненне да спалення беларускай вёскі Хатынь у 1943 годзе.
ІлюстрацыяInactive_account_ID_249/pixabay.com/CC0 Public Domain

Вярхоўны суд 18 сакавіка прызнаў Уладзіміра Катрука (1921–2015) вінаватым паводле арт. 127 Крымінальнага кодэкса (генацыд) без прызначэння пакарання, паведамляе «Позірк» са спасылкай на прэс-службу ВС.

Судовае разбіральніцтва пачалося 8 лютага. У крымінальнай справе Катрука, паводле сцвярджэння беларускіх уладаў, 35 тамоў.

Згодна з інфармацыяй МЗС, улады Канады не адрэагавалі на запыт Беларусі аб выдачы Катрука.
Катрук нарадзіўся ў Паўночнай Букавіне на тэрыторыі Каралеўства Румынія (цяпер Чарнавіцкая вобласць Украіны). Яго імя называецца ў ліку тых, хто мае дачыненне да спалення беларускай вёскі Хатынь у 1943 годзе. У той час ён служыў у 118-м батальёне шуцманшафта.

Пасля Другой сусветнай вайны выехаў у Канаду, прыняў грамадзянства гэтай краіны. На год смерці лічыўся другім у спісе тых нацысцкіх ваенных злачынцаў, якія заставаліся ў жывых і адшукваюцца амерыканскім Цэнтрам Сымона Візенталя. Катрук адмаўляў удзел у ваенных злачынствах падчас Другой сусветнай вайны.

17 ліпеня 2023 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон «Аб змене Крымінальна-працэсуальнага кодэкса», які дазваляе пераследваць памерлых у крымінальным парадку.

аз