Беларуская Служба

Украіна разарвала пагадненне з Беларуссю аб захаванні міждзяржаўных сакрэтаў

15.05.2024 08:20
Адпаведнае Пагадненне паміж Украінай і Беларуссю дзейнічала з 1993 года.
Сцяг УкраіныФота: 1966666/pixabay.com/CC0 Public Domain

Урад Украіны дэнансаваў Пагадненне аб узаемным забеспячэнні захавання міждзяржаўных сакрэтаў з Беларуссю, паведаміў прадстаўнік урада ў Вярхоўным Савеце Украіны Тарас Мельнічук. Пагадненне было заключанае 22 студзеня 1993 года ў Мінску. Раней, 30 красавіка, Украіна выйшла з пагаднення аб супрацоўніцтве ў галіне аховы здароўя, заключанага ў Мінску ў 1992 годзе.

Пасля расійскага вайсковага ўварвання, падтрыманага Аляксандрам Лукашэнкам і вайсковым кіраўніцтвам Беларусі, Украіна дэнансавала больш за 50 міжнародных дакументаў, якія вызначалі супрацу з Беларуссю ў розных сферах – выйшла з іх або спыніла іх дзеянне, нагадвае «Свабода».

Разам з тым украінскае кіраўніцтва заяўляе, што не збіраецца разрываць зь Беларуссю дыпламатычныя адносіны, хоць у парламенце перыядычна абмяркоўваюць гэтае пытанне.

Афіцыйна беларускае войска не ўдзельнічае ў поўнамаштабнай вайне Расіі супраць Украіны, аднак Аляксандр Лукашэнка вылучыў тэрыторыю Беларусі для праезду і часовай дыслакацыі расійскіх войскаў, а з тэрыторыі Беларусі наносіліся ракетныя ўдары па Украіне. З-за дапаможніцтва ў вайне супраць Украіны і масавых рэпрэсій ЗША, ЕС і Вялікабрытанія ўвялі супраць Беларусі санкцыі.

Акрамя таго, у Беларусь нібыта для аздараўлення вывозяць дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны. Еўрапарламент у верасні асудзіў удзел Лукашэнкі ў расійскай агрэсіі супраць Украіны і вывазе дзяцей, заклікаўшы Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаць ордэр на яго арышт.

аз