Абмежаванні ў дачыненні да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі абмеркавала дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская падчас візіту ў Партугалію з прэм’ер-міністрам гэтай краіны Луішам Мантэнегру, паведамляе прэс-служба Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК).
Адзначаецца, што кіраўніца АПК выказала спадзяванне на «плённае і шчыльнае супрацоўніцтва з Партугаліяй», а таксама захаванне прынцыповай пазіцыі ў дачыненні да Беларусі аб ізаляванні рэжыму, «але не беларусаў».
Палітыкі абмеркавалі пытанне санкцый, «у прыватнасці, тых, што тычацца беларускіх калійных угнаенняў».
«Раней Партугалія была адной з краінаў, якая, паводле журналістаў, прапаноўвала змякчыць абмежаванні супраць гандлю ўгнаеннямі з Беларусі», – адзначаецца ў паведамленні.
Ціханоўская заклікала Партугалію «надалей прытрымлівацца санкцыйнай палітыкі, пакуль не будуць вызваленыя палітвязні».
Ціханоўская прапанавала ўраду арганізаваць супольныя мерапрыемствы «для абмену досведам у галіне пераходнай справядлівасці і вывучэння досведу Партугаліі ў пераходзе ад дыктатуры да дэмакратыі».
Цягам візіту кіраўніца АПК таксама плануе сустрэцца з міністрам замежных справаў Партугаліі, а таксама ўзяць удзел у Еўрапейскім форуме «Сoncordia», які прысвечаны міру і бяспецы ў Еўропе.
Паведамляецца, што мерапрыемства пройдзе ў Порту ў закрытым фармаце і збярэ чыноўнікаў, палітыкаў і дыпламатаў з дзясяткаў краінаў свету.
8 студзеня кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка заявіў, што гарманізацыі санкцый у адносінах да Расіі і рэжыму Лукашэнкі не адбываецца, бо яна блакуецца некаторымі членамі Еўрапейскага саюза.
У прыватнасці, адзначыў ён, Партугалія блакавала прыняцце новага пакета санкцый у адносінах да рэжыму Лукашэнкі, ставячы пытанне аб зняцці санкцый на беларускі калій. Паводле слоў Латушкі, летась кабінету даводзілася прыкладаць значныя намаганні для абароны ўжо прынятых санкцый у гэтай галіне. Паводле яго сцвярджэння, гаворка ідзе не пра заробкі шахцёраў, а пра «мільярды і мільярды долараў», якія «дасталі з кішэні Лукашэнкі і яго памагатых»; пра «карупцыйныя схемы», пра грошы, «якія траціць рэжым Лукашэнкі».
Нягледзячы на перамовы з прадстаўнікамі ЕС і асобных краін (у прыватнасці, Германіі і Францыі), якія адбыліся ў снежні, сітуацыя, адзначыў Латушка, «застаецца патавай».
Партугалія зазнала дыктатуру Антані дзі Салазара ў 1932–1968 гадах.
pozirk.online/вх