Беларуская Служба

Супрацоўнікаў санаторыя «Беларусь» асудзілі за «агентурную дзейнасць» і «здраду дзяржаве»

11.06.2024 15:02
Працэс праходзіў у закрытым рэжыме.
 .
Алена Раманаўскене.Фота: ПЦ "Вясна"

У Мінскім гарадскім судзе 11 чэрвеня грамадзянку Літвы і загадчыцу маркетынгавай службы санаторыя «Беларусь» у Друскеніках Алену Раманаўскене асудзілі да шасці гадоў калоніі. Яе прызналі вінаватай паводле арт. 358-1 Крымінальнага кодэксу («агентурная дзейнасць»). Працэс праходзіў у закрытым рэжыме, але, як паведамляюць дзяржаўныя СМІ, яе абвінавацілі ў тым, што жанчына «неаднаразова падавала звесткі пра пастаяльцаў, якія прыбывалі на адпачынак, у тым ліку і пра высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў». Паведамляецца, што яе нібыта завербавалі літоўскія спецслужбы больш за 10 гадоў таму. Таксама стала вядома пра прысуд былому дырэктару санаторыя Андрэю Кобелю - паведамляе ПЦ "Вясна".

Як раней паведамляла літоўскае выданне 15min, Алена з'яўляецца ўраджэнкай Беларусі. Алена працавала загадчыцай маркетынгавай службы літоўскага санаторыя «Беларусь».

Затрымаць Раманаўскене маглі летась, калі яна вярталася ў Літву з Беларусі, дзе наведвала родных. Сваякі жанчыны ад каментароў літоўскаму выданню адмовіліся. У МЗС Літвы паведамілі, што ёй аказваецца консульская дапамога.

Судовы працэс у Мінскім гарадскім судзе распачаўся 3 чэрвеня. Справу разглядала Анастасія Папко.

Таксама стала вядома, што экс-дырэктара санаторыя «Беларусь» Андрэя Кобеля асудзілі ў Мінскім гарадскім судзе 4 верасня 2023 года да дзевяці гадоў калоніі за «здраду дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК). Працэс праходзіў таксама ў закрытым рэжыме. Справу разглядала Алена Ананіч. 24 лістапада адбылася апеляцыя па яго справе, а ў снежні яго адправілі ў калонію адбываць тэрмін.

Пра затрыманне былога кіраўніка санаторыя стала вядома ў снежні 2022 года з прапагандысцкага фільма «Аперацыі беларускага КДБ супраць спецслужбаў Захаду і Украіны». Ён быў паказаны ў вячэрнім эфіры тэлеканала «Беларусь-1» і прымеркаваны да юбілею ваеннай контрвыведкі КДБ. У фільме паказаны аператыўныя кадры, на якіх Кобель дае паказанні. У сюжэце была агучана інфармацыя, што ён прапрацаваў галоўным лекарам у санаторыі «Беларусь» у Літве больш за 10 гадоў, потым быў галоўным лекарам у беларускім санаторыі ў Сочы. Адно з апошніх месцаў яго працы – РНПЦ у Мінску.

«Паўгода таму затрымалі Андрэя Кобеля. Асоба маштабная (...) Літоўцы абклалі яго па ўсіх правілах шантажу: пагражалі крымінальнай справай за махінацыю з зямельным участкам, крадзеж сродкаў пры рэканструкцыі санаторыя, маўляў, пазбавяць яго і членаў сямʼі віду на жыхарства, а сыну падкінуць у аўтамабіль наркотыкі», – гаварылася ў фільме.

Апроч гэтага, паведамлялася, што ў следства КДБ Беларусі маецца інфармацыя аб тым, што пад ціскам Кобель падпісаў абавязацельства аб супрацоўніцтве з літоўскімі спецслужбамі, збіраў і перадаваў дадзеныя на беларусаў, якія адпачывалі ў санаторыях. Таксама гаварылася, што ён нібыта зліваў сваім куратарам з заходніх спецслужбаў звесткі аб рэзідэнцыі Аляксандра Лукашэнкі ў Сочы, якая знаходзіцца на тэрыторыі санаторыя. Акрамя гэтага, аператыўнікі КДБ устанавілі, што Кобель нібыта ўладкоўваў на працу тых, каго патрабаваў Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы.