Беларуская Служба

Палітвязень Аляксандр Ярашук абраны ў Адміністрацыйную раду МАП

12.06.2024 18:01
Дэлегаты Канферэнцыі прагаласавалі за кандыдатуру Ярашука на пасаду намесніка члена Адміністрацыйнай рады МАП ад работнікаў.
Старшыня БКДП Аляксандр Ярашукфота: naviny.by

112-я Міжнародная Канферэнцыя Працы, якая праходзіць у Жэневе (Швейцарыя), абрала палітвязня і лідара Беларускага Кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Аляксандра Ярашука ў склад Адміністрацыйнай рады Міжнароднай арганізацыі працы (МАП), паведаміла Асацыяцыя «Салідарнасць».

Дэлегаты Канферэнцыі прагаласавалі за кандыдатуру Аляксандра Ярашука на пасаду намесніка члена Адміністрацыйнай рады МАП ад работнікаў. Ім вядома, што Ярашук адбывае чатырохгадовы тэрмін у Магілёўскай турме, паводле надуманых абвінавачанняў.

На паседжанні Камітэта па стандартах і нормах МАП прозвішча Ярашука, як і імёны іншых прафсаюзных лідараў, неаднаразова гучала пры разглядзе «беларускага пытання».

Некаторыя ўдзельнікі канферэнцыі падтрымалі Ярашука, апрануўшы майкі з яго выявай і слоганам «Вызваліць прафсаюзных актывістаў».

Рашэнне аб абранні Ярашука носіць не толькі сімвалічны характар. Адным з патрабаванняў Рэзалюцыі па Беларусі, прынятай у мінулым годзе, зʼяўляецца вызваленне прафсаюзных лідараў, у тым ліку старшыні БКДП.

Адміністрацыйная рада зʼяўляецца выканаўчым органам МАП, які прымае аператыўныя рашэнні па выкананні рашэнняў Канферэнцыі, забяспечвае кіраўніцтва і кантралюе дзейнасць Міжнароднага бюро працы ў перыяд паміж сесіямі Канферэнцыі.

Міжнародная канферэнцыя працы абірае чальцоў Адміністрацыйнай рады тэрмінам на тры гады. Выбары праводзяцца паасобна па трох групах удзельнікаў таемным галасаваннем, дзе групы ўрада, працадаўцаў і працаўнікоў абіраюць сваіх адпаведных чальцоў.

аз