Беларуская Служба

Беларусь трапіла ў спіс найгоршых краінаў для працоўных побач з М'янмай і Бангладэшам

13.06.2024 10:41
Адпаведную справаздачу апублікавала Міжнародная канфедэрацыя прафсаюзаў.
Працаjarmoluk/pixabay.com/CC0 Public Domain

Беларусь з’яўляецца адной з 10-ці краінаў свету, дзе назіраецца найгоршая сітуацыя з правамі працоўных, гаворыцца ў новым рэйтынгу правоў рабочых, які апублікавала Міжнародная канфедэрацыя прафсаюзаў.

«Найгоршымі дзесяццю краінамі для працоўных у 2024 годзе былі Бангладэш, Беларусь, Эквадор, Егіпет, Эсваціні, Гватэмала, М’янма, Філіпіны, Туніс і Турцыя», – гаворыцца ў рэйтынгу.

У ім адзначаецца, што ў Беларусі, а таксама Егіпце, Ганконгу і Судане незалежны прафсаюзны рух ужо быў знішчаны ўладамі, а працаўнікі «былі пазбаўленыя сваёй асноўнай свабоды – ствараць і ўступаць у прафсаюзы па ўласнаму выбару».

У рэйтынгу адзначаецца, што з красавіка 2022 года беларускі ўрад узмацніў рэпрэсіі супраць незалежных прафсаюзаў. У краіне працягваюцца арышты і пераслед работнікаў, нелаяльных рэжыму. Як паведамляецца, у Беларусі цяпер несправядліва зняволеныя 42 лідары і члены прафсаюзаў.

Згодна з рэйтынгам, колькасць краін, дзе абмежаваныя правы на свабоду слова і сходаў, працягвае павялічвацца. У 74 краінах з 151 зарэгістраваныя выпадкі затрыманняў ці арыштаў. Летась такіх краін было 69, паведамляе «Белсат».

вс