Памерла адна з заснавальніц і шматгадовы сябра Рады Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына« Лідзія Савік. Сёлета ёй споўнілася 88 гадоў.
Шмат гадоў Лідзія Савік працавала старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН Беларусі, затым – прафесарам Беларускага дзяржаўнага ўніверстэта культуры і мастацтваў, выкладаючы беларускую літаратуру. Была таксама сябрам Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў і старшынёй камісіі па вяртанні спадчыны беларускіх пісьменнікаў.
На пачатку 1990 гадоў яна атрымала доступ да архіваў КДБ і вярнула ў культурны ўжытак дзясяткі імёнаў і літаратурных твораў беларускіх рэпрэсаваных пісьменнікаў і дзеячаў эміграцыі.
Лідзія Савік выдала некалькі манаграфій, прысвечаных праблемам развіцця беларускай літаратуры, культавую кнігу «Пакліканыя: літаратура беларускага замежжа« (2001) і некалькі кніг у суаўтарстве на сумежную тэматыку. Напісала больш за 300 артыкулаў, рэцэнзій і энцыклапедычных артыкулаў, паведамляе Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына».
вс