Беларуская Служба

Рэжымны суд прыгаварыў Андрэя Павука і Маргарыту Ляўчук да вялікага турэмнага тэрміну ды гіганцкага штрафу 

24.06.2024 20:33
Суд па крымінальнай справе, заведзенай на аўтараў YouTube-канала «Рудабельская паказуха» Андрэя Павука і Вольгу Павук, прайшоў у фармаце спецыяльнага вядзення.
Маргарыта Ляўчук і Андрэй Павук YouTube/Margarita Levchuk.Soprano/screen

У Брэсцкім абласным судзе вынеслі завочныя прыгаворы блогеру Андрэю Павуку, яго жонцы Вользе Павук, а таксама опернай спявачцы Маргарыце Ляўчук, блогеру Іллю Салянкову, музыканту Уладзіславу Наважылаву і прадзюсару Аляксандру Чахоўскаму.

Суд па крымінальнай справе, заведзенай на аўтараў YouTube-канала «Рудабельская паказуха» Андрэя Павука і Вольгу Павук, прайшоў у фармаце спецыяльнага вядзення, бо «абвінавачаныя схаваліся ад правасуддзя», адзначае пракуратура Брэсцкай вобласці. Пры гэтым, як піша БелТА са спасылкай на пракуратуру, былі «выкананыя агульныя правілы судовага разбіральніцтва».

Суд прызнаў Андрэя і Вольгу вінаватымі «ў кіраўніцтве экстрэмісцкім фармаваннем; зборы грашовых сродкаў і іншай маёмасці любым спосабам для заведамага забеспячэння экстрэмісцкай дзейнасці групай асоб па папярэдняй змове». Іх абвінавацілі таксама ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы; паклёпе ў адносінах да Аляксандра Лукашэнкі; абразе Аляксандра Лукашэнкі і прадстаўнікоў улады; незаконных дзеяннях у адносінах да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных ды інш.

Прысуд Андрэю Павуку – 12 гадоў пазбаўлення свабоды ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у 5 тыс. базавых велічыняў (200 тыс. рублёў), Вользе Павук – 8 гадоў пазбаўлення свабоды ў калоніі агульнага рэжыму і штраф у 2 тыс. 500 базавых велічынь (100 тыс. рублёў).

За ўдзел у «экстрэмісцкім фармаванні «Рудабельская паказуха» і здзяйсненні ў яго складзе шэрагу іншых злачынстваў» былі асуджаныя Маргарыта Ляўчук, Ілля Салянкоў і Уладзіслаў Наважылаў. Прыгавор – ад 6 да 8 гадоў пазбаўлення свабоды і штраф ад 500 да 800 базавых велічыняў.

Прадзюсара Аляксандра Чахоўскага судзілі за абразу прадстаўніка ўлады і здзек з дзяржаўных сімвалаў. Паводле сукупнасці «злачынстваў» яму прызначанае пакаранне ў выглядзе 3 месяцаў арышту.

Як адзначаецца, прысуд яшчэ не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апеляцыйным парадку, паведамляе «Белсат».