Беларуская Служба

У Мінску з удзелам іншаземных вайскоўцаў прайшоў парад да Дня Рэспублікі

03.07.2024 11:13
Вайсковы парад, прысвечаны афіцыйнаму «Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь» (Дню Рэспублікі), пачаўся 3 ліпеня ў Мінску а 9-й і доўжыўся паўтары гадзіны.
  3
Парад на 3 ліпеня ў Мінскуhttps://t.me/pul_1/12867

Паводле Мінабароны Беларусі, сёлета ў парадзе прынялі ўдзел вайскоўцы Узброеных сіл Расіі, Кітая, Азербайджана, Казахстана, Кыргызстана, Таджыкістана і Узбекістана. Агулам у складзе 36 пешых парадных разлікаў прайшло больш за 5000 вайскоўцаў.

Лукашэнка сказаў, што ў парадзе ўдзельнічаюць менш за 5 працэнтаў Узброеных сіл Беларусі, а рэшта служыць на баявых пастах.

У парадзе ўдзельнічалі асобныя парадныя разлікі ў форме вайскоўцаў Чырвонай арміі, у партызанскім рыштунку, а таксама ў форме міліцыі ўзору 1941 году. Упершыню разам з параднымі разлікамі МУС, Дзяржаўнага памежнага камітэту і МНС у парадзе ўдзельнічаў разлік Следчага камітэта.

У складзе разлікаў Сіл спецыяльных аперацыяў праходзіў парадны разлік курсантаў Разанскай гвардзейскай вышэйшай паветрана-дэсантнай каманднай вучэльні. На трыбуне за парадам назіраў міністр абароны Расіі Андрэй Белавусаў.

3 ліпеня на парадзе ў Менску ўпершыню паказалі ўдарныя беспілотныя лятальныя апараты «Герань» беларускай вытворчасці, якія вонкава выглядаюць як поўны аналаг іранскага самалёт-снарада Shahed 136. Такой зброяй цяпер Расія атакуе Украіну.

Таксама на парадзе былі ракетныя комплексы «Іскандэр», якія цяпер стаяць на ўзбраенні беларускай арміі.

У небе над Мінскам праляцелі 12 парадных разлікаў паветранага эшалону, у тым ліку авіяцыйныя групы вышэйшага пілатажу Расійскай Федэрацыі «Рускія віцязі» і «Стрыжы».

Аляксандр Лукашэнка перад парадам заявіў, што цяпер для Беларусі небяспечны час, сказаў, што нібыта здзяйсняюцца правакацыі на мяжы і ёсць пагрозы мірнаму насельніцтву.

Лукашэнка сказаў, што апошнім часам было нібыта тысячы тэлефанаванняў у ваенкаматы ад людзей, якія просяць іх узяць у войска і даць зброю, але Лукашэнка адказаў, што вайскоўцы абароняць краіну і без іх.

яс/Радыё Свабода