Беларуская Служба

У ААН заклікалі памілаваць ці змякчыць прысуд зняволеным за палітычныя погляды пажылым людзям у Беларусі

03.07.2024 12:35
«Мы зноў заклікаем Беларусь прывесці заканадаўства ў адпаведнасць са сваімі міжнароднымі абавязаннямі і вызваліць усіх асоб, несправядліва асуджаных».
Сцяг ААНГрамадскі набытак

Незалежныя эксперты ААН атрымалі спіс з 63 чалавек (у тым ліку 15 жанчын), старэйшых за 60 гадоў, якія пазбаўленыя волі ў Беларусі за рэальную або меркаваную прыналежнасць да палітычнай апазіцыі, паведамляе «Свабода».

Большасць з асуджаных пажылых людзей адбываюць турэмнае зняволенне тэрмінам да 25 гадоў, іншыя ўтрымліваюцца ў следчых ізалятарах ці зазнаюць прымусовае псыхіятрычнае лячэнне. Некаторыя зняволеныя пакутуюць ад хранічных захворванняў, вострых ці цяжкіх хвароб, а некалькі з іх маюць інваліднасць. Па паведамленнях, трое зняволеных ва ўзросце, старэйшым за 60 гадоў, утрымліваюцца без сувязі з вонкавым светам.

Некаторыя з гэтых пажылых людзей таксама ўключаныя ў афіцыйныя спісы экстрэмістаў ці тэрарыстаў.

«Згодна з рознымі крыніцамі, зняволеныя, уключаныя ў гэтыя спісы, зазнаюць розныя формы жорсткага абыходжання, уключаючы ўтрыманне пад вартай без сувязі з вонкавым светам і адмову ў своечасовай і адэкватнай медыцынскай дапамозе, а таксама абмежаванні на перапіску і грашовыя пераводы, – заявілі мандатарыі. – Адзін з затрыманых, якому 67 гадоў, утрымліваецца пад вартай без сувязі з вонкавым светам з лютага 2023 года і можа быць ахвярай гвалтоўнага знікнення», – гаворыцца ў дакуменце ААН.

20 чэрвеня 2024 года Палата прадстаўнікоў ухваліла законапраект аб амністыі, а 3 ліпеня ён быў апублікаваны і набыў моц. Закон прапануе амніставаць асоб, якія дасягнулі пенсійнага ўзросту (63 гады для мужчын і 58 гадоў для жанчын). Аднак амністыя не будзе распаўсюджвацца на зняволеных, асуджаных за такія злачынствы, як грубае парушэнне грамадскага парадку, дзеянні, накіраваныя на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы, стварэнне экстрэмісцкага фармавання і ўдзел у ім, паклёп на прэзідэнта ці дыскрэдытацыя Беларусі, якія часта выкарыстоўваюцца для палітычна матываваных пераследаў. Амністыя таксама не будзе распаўсюджвацца на зняволеных, уключаных у спісы асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай і экстрэмісцкай дзейнасці.

Эксперты ўказалі на супярэчнасць беларускага заканадаўства аб супрацьдзеянні тэрарызму і экстрэмізму з міжнародным правам правоў чалавека і на тое, што яно часта выкарыстоўваецца для пераследу палітычных апанентаў, актывістаў грамадзянскай супольнасці, журналістаў і праваабаронцаў.

«Мы зноў заклікаем Беларусь прывесці заканадаўства ў адпаведнасць са сваімі міжнароднымі абавязаннямі і вызваліць усіх асоб, несправядліва асуджаных».
Яны таксама заклікалі забараніць дыскрымінацыю за палітычныя перакананні і распаўсюдзіць амністыю на ўсіх пажылых людзей, зняволеных у турму па палітычных абвінавачаннях.
Адзначаецца, што эксперты ААН звязваліся з урадам Беларусі ў гэтым пытанні.

аз