Беларуская Служба

Лукашэнка абяцаў вызваліць некаторых палітвязняў

03.07.2024 13:30
Беларускі дыктатар падпісаў закон аб амністыі, якая анансавалася з пачатку года.
Ілюстрацыйнае фотаFoto: patrick489/pixabay.com/CC0 Public Domain

3-га ліпеня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале быў апублікаваны закон «Аб амністыі ў сувязі з 80-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў». Дакумент вызначае пералік катэгорый асуджаных, якія падлягаюць вызваленню ад пакарання і іншых мер крымінальнай адказнасці, паведамляе «Наша Ніва».

Да такіх катэгорый аднесеныя, у прыватнасці:

- непаўналетнія;
- цяжарныя жанчыны;
- жанчыны і адзінокія мужчыны, якія маюць дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, за выключэннем тых, хто здзейсніў наўмыснае злачынства ў дачыненні да непаўналетняга;
- асобы, якія дасягнулі пенсійнага ўзросту;
- інваліды І і ІІ групы;
- асобы, хворыя на актыўную форму туберкулёзу і анкалагічныя захворванні;
- грамадзяне, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС;
- асобы, якія атрымалі раненні або захворвання пры выкананні абавязкаў у перыяд вайсковай службы.

Адначасова законам вызначаюцца катэгорыі асоб, у дачыненні да якіх амністыя не будзе прымяняцца. Гэта, напрыклад, асобы:

- да якіх на працягу 2021-2024 гадоў ужываліся амністыя або памілаванне і якія зноў здзейснілі наўмыснае злачынства ў перыяд нязнятай або непагашанай судзімасці;
- якія на дзень пастановы прысуду або ўступлення яго ў законную сілу цалкам не пакрылі прычыненую злачынствамі шкоду, не заплацілі даход, атрыманы злачынным шляхам, а таксама даход, атрыманы ад выкарыстання маёмасці, здабытай злачынным шляхам або набытай на сродкі, здабытыя злачынным шляхам;
-якія дапусцілі асабліва небяспечны рэцыдыў злачынстваў альбо прызнаныя ва ўстаноўленым парадку асабліва небяспечнымі рэцыдывістамі;
-якім пакаранне ў выглядзе смяротнага пакарання ў парадку памілавання заменена пакараннем у выглядзе пазбаўлення волі або пажыццёвага пазбаўлення волі і іншыя.

Раней і сам Лукашэнка, і іншыя ягоныя чыноўнікі неаднаразова падкрэслівалі, што ў дачыненні да палітвязняў гэтая амністыя прымяняцца не будзе.

У той жа час 2 ліпеня падчас выступлення на ўрачыстым сходзе з нагоды афіцыйнага Дня незалежнасці Лукашэнка сказаў пра намер вызваліць некаторых палітзняволеных, якія маюць цяжкія захворванні, перад усім анкалагічныя:

- Не здзіўляйцеся, калі праз некалькі дзён на волю выйдуць вельмі цяжкахворыя, як пішуць, нашы, якія не паспелі збегчы і знаходзяцца ў месцах на такіх аддаленых, якія ламалі і разбуралі краіну ў 2020 годзе. Але гэта, сапраўды, цяжкахворыя. У асноўным, з ракавымі захворваннямі. Мы ставімся да ўсіх па-чалавечы.

Ніякіх падрабязнасцяў, аднак, праз які механізм гэта збіраюцца зрабіць, пакуль няма.

аз

У ААН заклікалі памілаваць ці змякчыць прысуд зняволеным за палітычныя погляды пажылым людзям у Беларусі

03.07.2024 12:35
«Мы зноў заклікаем Беларусь прывесці заканадаўства ў адпаведнасць са сваімі міжнароднымі абавязаннямі і вызваліць усіх асоб, несправядліва асуджаных».