Беларуская Служба

Тураўскі малочны камбінат перадаў пасажырскі аўтобус падраздзяленню УУС Гомельскага аблвыканкама

04.07.2024 13:23
Стратнае прадпрыемства падарыла бус гомельскаму АМАПу – «з улікам дзяржаўнай важнасці».
Тураўскі малочны камбінат падарыў бус гомельскаму АМАПуФота: «Гомельская праўда»

Да афіцыйнага Дня незалежнасці Тураўскі малочны камбінат перадаў пасажырскі аўтобус падраздзяленню УУС Гомельскага аблвыканкама, піша «Флагшток».

Транспартны сродак мае кандыцыянер, умяшчае 16 чалавек і будзе выкарыстаны для перавозкі асабовага складу, паведаміла газета аблвыканкама са спасылкай на дэпутата парламента Валянціна Байко – праўладнага бізнесмена, які ў 2016 годзе стаў уладальнікам кантрольнага пакета акцый Тураўскага малочнага камбіната.

Паводле яго слоў, «рашэнне аб умацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы прынята з улікам дзяржаўнай важнасці і грамадскай значнасці задач, якія выконваюцца байцамі АМАПа па забеспячэнні аховы грамадскага парадку і маёмаснай бяспекі грамадзян Гомельскай вобласці, якія ўзнікаюць на тэрыторыі прыгранічных раёнаў рызык».

Як гомельскі АМАП будзе дапамагаць ахоўваць мяжу, дэпутат не патлумачыў. Але заявіў, што рашэнне аб набыцці аўтобуса для сілавікоў было прынята на нядаўнім сходзе акцыянераў прадпрыемства. Падораны бус – беларускай вытворчасці. Па масавых «хапунах» у 2020 годзе гамяльчане ведаюць, што раней амапаўцы часта перамяшчаліся на мікрааўтобусах Ford Transit.

У публікацыі таксама сцвярджаецца, што такі жэст – «паказальны прыклад, як паспяховае прадпрыемства клапоціцца аб праваахоўніках».

Аднак вядома, што Тураўскі малочны камбінат знаходзіцца ў перадбанкрутным стане – паспяховым яго ніяк не назавеш. Як расказваў «Флагшток», адной з прычын фінансавага крызісу сталі праблемы з пастаўкамі прадукцыі ў Расію. Чыстая страта па выніках года 2023 года склала 40,4 млн BYN.

яс/Наша Ніва