МЗС Латвіі заклікала працягнуць ціск на беларускі рэжым дзеля вызвалення ўсіх палітвязняў, пра гэта на сустрэчы са Святланай Ціханоўскай заявіла кіраўнічка замежных спраў Латвіі Байба Бражэ. Перамовы адбыліся 4 ліпеня ў Рызе падчас двухдзённага візіту беларускай дэмакратычнай лідаркі ў Латвію, нагадвае «Позірк».
Сваю пазіцыю Бражэ выказала ў сувязі з вызваленнем першых палітвязняў, якое анансаваў 2 ліпеня Аляксандр Лукашэнка.
Бакі абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі, у тым ліку рэпрэсіі, якія працягваюцца ў дачыненні да актывістаў грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай апазіцыі, паведамляе прэс-служба латвійскага МЗС. Міністр «пацвердзіла непахісную падтрымку Латвіяй намаганняў беларускай апазіцыі па стварэнні свабоднай і дэмакратычнай Беларусі ў Еўропе».
Адзначаецца, што Ціханоўская «высока ацаніла цвёрдую пазіцыю Латвіі ў дачыненні да рэпрэсій з боку рэжыму Лукашэнкі, яго ролі ў выкарыстанні нелегальнай міграцыі і падтрымкі расійскай агрэсіі супраць Украіны». Палітыкі «пагадзіліся з неабходнасцю ўзмацніць і сінхранізаваць рэжым санкцый ЕС супраць Беларусі з санкцыямі, накіраванымі супраць Расіі».
5 ліпеня беларускі дэмлідар возьме ўдзел у дыялогавым фестывалі LAMPA. Разам з парламенцкім сакратаром МЗС Латвіі Дацэ Мелбардэ (прызначана на пасаду сёлета ў траўні пасля пяці гадоў працы дэпутатам Еўрапарламента) яна выступіць на дыскусіі «Балтыйскія краіны і чацвёртая сястра». Тэма – нацыянальная ідэнтычнасць і палітычны выбар, паведамляе знешнепалітычнае ведамства.
аз