Беларуская Служба

Украіна выступіла супраць удзелу ў Алімпіядзе шэрагу «нейтральных» спартсменаў з Беларусі

06.07.2024 16:07
Сумневы ўкраінскіх функцыянераў выклікалі, між іншым, Іван Літвіновіч, Дар’я Чупрыс, Ганна Церах, Анастасія Шкурдай.
 .
Ілюстрацыйны здымак.Фота: Pixabay.com/diema

Супраць удзелу ў Алімпіядзе 2024 года чацвярых беларусаў, кваліфікаваных у якасці індывідуальных нейтральных спартсменаў, выступіў Нацыянальны алімпійскі камітэт Украіны і Міністэрства спорту і моладзі гэтай краіны паведамляе «Позірк».

«Мы хочам звярнуць вашу ўвагу на тое, што гэтыя спартсмены падтрымліваюць вайну ва Украіне і палітыку расійскага дыктатара і не адпавядаюць дастатковым крытэрыям для атрымання статусу індывідуальнага нейтральнага атлета», – адзначыла кіраўніцтва згаданых структур у адрасаваным МАК лісце.

Сумневы ўкраінскіх чыноўнікаў выклікалі, між іншым, беларускі батутыст Іван Літвіновіч, стралок Дар’я Чупрыс, велагоншчыца Ганна Церах, плывец Анастасія Шкурдай.

«Мы хочам падкрэсліць нязменную пазіцыю Украіны: пакуль расійскія войскі пры падтрымцы беларускага ўрада працягваюць весці сваю жорсткую вайну супраць украінскага народа, неабходна ўвесці забарону на ўдзел расійскіх і беларускіх спартсменаў у любых міжнародных мерапрыемствах і спаборніцтвах у любым статусе, уключаючы статус індывідуальнага нейтральнага атлета», – гаворыцца ў лісце. НАК і Мінспорту Украіны спадзяюцца на «салідарнасць і падтрымку» і вераць, што МАК «зробіць усе неабходныя захады для <…> забеспячэння прынцыпаў справядлівасці і бесстароннасці ў міжнародных спартыўных спаборніцтвах».

Усе чацвёра вышэй згаданых беларускіх атлетаў пацвердзілі свой удзел у Алімпіядзе 2024 у якасці індывідуальных нейтральных спартсменаў.

Апрача іх у Алімпіядзе збіраюцца ўдзельнічаць батутыстка Віялета Бардзілоўская, тхэквандыст Георгій Гурцыеў, цяжкаатлеты Сюзана Валадзько і Яўген Ціханцоў, барэц Абубакар Хаслаханаў, весляры Яўген Залаты і Таццяна Клімовіч, стралок Аляксандра Пятрова, канаісты Уладзіслаў Кравец і Юлія Трушкіна, плыўцы Аліна Змушко, Ілля Шымановіч.

Былі дапушчаныя да спаборніцтваў, але адмовіліся ад удзелу барцы Ягор Акуліч, Уладзіслаў Казлоў, Дзмітрый Зарубскі, Віялета Рэбікава, Крысціна Сазыкіна, тэнісісткі Арына Сабаленка і Вікторыя Азаранка.

Алімпійскія гульні пройдуць у Парыжы з 26 ліпеня па 11 жніўня.

аз

Да Алімпіяды ў Парыжы дапусцілі яшчэ чатырох беларускіх спартсменаў

05.07.2024 16:45
Агулам Міжнародны алімпійскі камітэт накіраваў запрашэнні 23 беларускім спартоўцам.