Беларуская Служба

Прамыя чыгуначныя зносіны паміж Смаленскам і Віцебскам гэтак і не былі адкрытыя

23.07.2024 16:39
Запусціць прыгарадныя цягнікі паміж Смаленскам і Віцебскам ды Оршай абяцаў губернатар Смаленскай вобласці.
Чыгункакрыніца: Pixabay.com/652234

Пра запуск на працягу двух тыдняў прамых прыгарадных цягнікоў паміж Смаленскам і Віцебскам, а таксама Смаленскам і Оршай, паведамляў губернатар Смаленскай вобласці Васіль Анохін на Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі 27 чэрвеня. З моманту заявы расійскага губернатара прайшоў ужо амаль месяц, аднак ніякага прыгараднага руху цягнікоў гэтак і не было адкрыта.

Міністэрства транспарту Смаленскай вобласці ў сваіх сацсетках удакладніла, што гаворка ідзе толькі пра прадаўжэнне маршрутаў смаленскіх прыгарадных цягнікоў да першых беларускіх памежных станцый, то бок прамога чыгуначнага руху не прадугледжана. Пра тэрміны запуску прадоўжаных маршрутаў транспартная ўстанова Смаленскай вобласці не паведаміла.

Чыгуначныя прыгарадныя зносіны паміж памежнымі гарадамі Беларусі і Расіі былі скасаваныя ў 2020 годзе. Афіцыйнай прычынай тады называлі пандэмію COVID-19. Фактычна чыгуначнікі прызнавалі, што такі фармат перавозак для іх стратны. Таму Беларуская чыгунка і расійскія прыгарадныя пасажырскія кампаніі зараз не гатовыя несці страты за арганізацыю перавозак паміж прымежнымі гарадамі.

Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск