Беларуская Служба

У Гродне можна набыць сядзібу апошняга караля Рэчы Паспалітай

23.07.2024 18:38
Сядзібу ў Панямуні пабудавалі ў 1771 годзе ў стылі позняга барока. 
У Гродне можна набыць сядзібу апошняга караля Рэчы Паспалітайкрыніца: Hrodna.life

На вуліцы Прагулачнай у Гродне прадаюць частку сядзібы апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Пра продаж аб’екта паведамілі на сайце Гродзенскага аблвыканкама, паведамляе Hrodna.life.

Прадаецца нежылая, часткова мураваная частка будынка, плошчай крыху больш за 271 кв. м. Там пасля 1945 года доўгі час знаходзіўся клуб мясцовай «Сельгастэхнікі» з кіназалай і бібліятэкай.

Пачатковая цана аб’екта – 351 тыс. рублёў (111 тыс. 200 долараў ЗША). Будынак з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. У ім можна размясціць культурна-асветніцкую ўстанову. Аўкцыён адбудзецца 30 ліпеня 2024 года.

Частка сядзібы, якую выставілі на продаж, зазначаная зялёным колерам
Частка сядзібы, якую выставілі на продаж, зазначаная зялёным колерам

Калі новы ўладальнік не выканае абавязкі, то ў аднабаковым парадку з ім могуць разарваць дамову куплі-продажу.

Сядзібу ў Панямуні пабудавалі ў 1771 годзе ў стылі позняга барока. Там размяшчалася загарадная рэзідэнцыя караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

Палац быў цагляны, атынкаваны і не меў ніякіх дэкаратыўных элементаў на знешніх фасадах. Адзіным упрыгожаннем можна лічыць чатырохкалонны порцік на высокім цокалі. На аўкцыён выставілі частку будынка менавіта з ім.

. .

Да часткі, якая прадаецца, прыбудаваны двухпавярховы драўляны аб’ём. Там жывуць некалькі сем’яў звычайных гродзенцаў.

Недалёка ад сядзібы знаходзіцца капліца сярэдзіны XIX стагоддзя ў стылі неаготыкі, якую перарабілі пад гараж.

вс