Беларуская Служба

Стала вядома пра арышт гісторыка Ігара Мельнікава

23.07.2024 19:15
Мельнікаў спецыялізаваўся на вайсковай гісторыі і гісторыі перыяду знаходжання Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы.
Ігар Мельнікаў у мундзіры супрацоўніка даваеннай польскай Дзяржаўнай паліцыіфота: асабісты архіў гісторыка

Стала вядома пра арышт гісторыка Ігара Мельнікава. Ён за кратамі ўжо паўгода. Сутнасць абвінавачвання невядомая.

Сітуацыя з гісторыкам, гідам-рэканструктарам Ігарам Мельнікавым даволі тыповая для цяперашняй Беларусі. Дакладна вядома, што ён арыштаваны і ўтрымліваецца ў СІЗА, але няма канкрэтыкі ні наконт даты затрымання, ні наконт таго, у чым абвінавачваюць Мельнікава, паведамляе «Наша Ніва».

Апошняя актыўнасць Мельнікава ў «Інстаграме» датуецца 21 студзеня 2024 года. Неўзабаве гісторык прапаў. Яго затрымалі і, хутчэй за ўсё, з сутак ён так і не выйшаў.

Гісторык Ігар Мельнікаў  крыніца: «Інстаграм» гісторыка Гісторык Ігар Мельнікаў крыніца: «Інстаграм» гісторыка

Калі б Мельнікава затрымлівалі па «народным» артыкуле 342 КК, то справу даўно перадалі б у суд. Тут жа сітуацыя відавочна больш складаная. Да некаторых прыяцеляў Мельнікава даходзіла інфармацыя, што гісторыка ўтрымліваюць у СІЗА КДБ. Дзе ён цяпер – таксама няма ніякай пэўнасці.

Мельнікаў спецыялізаваўся на вайсковай гісторыі і гісторыі перыяду знаходжання Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы (1921-1939). Ён выдаў паўтара дзясяткі кніг па тэме Заходняй Беларусі.

У гісторыка была неадназначная рэпутацыя ў прафесійных колах. Ён пачынаў з заходнерусізму, адтуль пераскочыў у паланафільства, але ўрэшце прыйшоў у падкрэсленую беларускасць.

Мельнікаў крытыкаваў калег, а яны закідалі яму кан’юнктурнасць. Калі ў Беларусі наладжваліся адносіны з Польшчай, ён пісаў пра беларускіх жаўнераў Войска Польскага. А пасля 2020 года пераключыўся на іншае.

Макет апошняй кнігі Ігара Мельнікава, якая так і не выйшла  крыніца: «Інстаграм» гісторыка Макет апошняй кнігі Ігара Мельнікава, якая так і не выйшла крыніца: «Інстаграм» гісторыка

«Рыхтую да друку новую кнігу «Прыступіць да ліквідацыі». Новае выданне – гэта ўнікальныя факты па гісторыі барацьбы савецкіх міліцыянераў і чэкістаў супраць былых нацысцкіх памагатых і калабарацыяністаў у першыя пасляваенныя гады. «Прыступіць да ліквідацыі» – гэта лагічны працяг маёй папярэдняй кнігі «Калабарацыянізм. Анатомія здрады». Спадзяюся выдаць кнігу да Дня беларускай міліцыі – 4 сакавіка», – пісаў Мельнікаў за некалькі тыдняў да арышту. Выглядае, што кніга так і не выйшла.

«Спрабуе ўседзець на двух крэслах? Думае, што яго не пасадзяць? Пасадзяць, толькі трохі пазней», – сумна прадказваў Кастусь Шыталь.

«Ізноў персанажы «неверагодныя» актывізаваліся. Ніяк не супакояцца. Зайздросна ім, што беларускі гісторык працягвае працу», – абураўся ў адказ Мельнікаў.

Мельнікаў пакуль не прызнаны палітвязнем, але перадусім таму, што праваабаронцы нідзе публічна не абвяшчалі факт яго пераследу. Аднак няма сумневаў, што калі стане вядомым, па якіх артыкулах абвінавачваюць Мельнікава, то ён атрымае статус палітзняволенага, зазначае «Наша Ніва».

Ігар Мельнікаў нарадзіўся ў 1980 годзе ў Бабруйску. Скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка (2002) і Варшаўскі ўніверсітэта (2005). Быў выкладчыкам польскага Уроцлаўскага ўніверсітэта. Кандыдат гістарычных навук (2011).

вс